Партыя БНФ назвала дзеянні ўладаў актам дзяржаўнага вандалізму



Партыя БНФ асудзіла дзеянні уладаў у Курапатах і запатрабавала прыпыніць працы ва ўрочышчы. Заява была прынятая адзінагалосна 6 красавіка на сойме партыі ў Менску.

„Партыя БНФ рашуча асуджае акт дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах. Мемарыялізацыя Курапатаў ужо здзейсненая грамадствам — і пры планаванні наступных захадаў дзяржава абавязаная зыходзіць з гэтага факта. У адваротным выпадку дзяржаўная мемарыялізацыя ператворыцца ў новае злачынства”, — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўнікі партыі запатрабавалі ад улад спыніць знішчэнне крыжоў і вярнуць ужо вывезеныя; прыпыніць працы ва ўрочышчы і далейшыя дзеянні па мемарыялізацыі праводзіць пасля ўзгаднення з грамадзянскім аргкамітэтам Курапатаў; правесці інвентарызацыю крыжоў; спыніць пераслед актывістаў, якія ахоўваюць Курапаты; абнародаваць і ўвекавечыць імёны ахвяр Курапатаў і назваць імёны выканаўцаў рэпрэсій.

Акрамя таго, прадстаўнікі партыі заклікалі спыніць працу забаўляльнай установы побач з Курапатамі.

4 красавіка ў Курапатах, на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, паводле рашэння ўлад было дэмантавана 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі на чале са Зміцерам Дашкевічам. Рабочыя пачалі ўсталёўваць агароджу па перыметры Курапатаў. Паводле інфармацыі міліцыі, былі затрыманыя 15 чалавек „для высвятлення асобы і правядзення праверкі”. Увечары іх адпусцілі.

Раніцай 5 красавіка ва ўрочышчы, дзе сабраліся каля 10 актывістаў, міліцыя зноў затрымала сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца і актывістку Ніну Багінскую, а вечарам пасля малітвы ў Курапатах была затрыманая актывістка Вольга Нікалайчык.

Дзеянні ўлад у Курапатах таксама асудзілі Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду”, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Рада БНР, Ліберальна-дэмакратычная партыя, рух салідарнасці „Разам”, прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў.

Сітуацыю ў Курапатах асудзілі таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, Алена Анісім і Валерый Варанецкі.

З крытыкай дзеянняў улад выступіў міністр замежных спраў Польшчы Яцак Чапутовіч.

belapan.by