Партыя БНФ не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах



 Партыя БНФ не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Адпаведную заяву прыняў сойм партыі 10 траўня.

У ёй адзначаецца, што, прызначыўшы выбары 9 жніўня, „улады праігнаравалі рэкамендацыі па змяненні выбарчага заканадаўства, што былі прапанаваныя міжнароднымі назіральнікамі БДІПЧ АБСЕ і айчыннымі кампаніямі назірання”. Да гэтага „дадаўся яшчэ адзін фактар небяспекі для беларускага народа, а менавіта — правядзенне кампаніі падчас пандэміі COVID-19”. „Уцягваць людзей ў выбарчае махлярства падчас пандэміі — падвойнае злачынства”, — заяўляе сойм.

Партыя „з абурэннем канстатуе, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі не здзейсніла прапанаваных БНФ ды грамадзянскай супольнасцю захадаў дзеля прадухілення пашырэння каранавіруса ды належнага інфармавання грамадзянаў пра сапраўдны стан рэчаў, не ажыццявіла неабходнай падтрымкі беларускага бізнесу ды хатніх гаспадарак, а з боку вышэйшага кіраўніцтва краіны былі зробленыя заявы пра адмаўленне небяспекі пандэміі і заклікі да шкодных для здароўя насельніцтва паводзінаў насуперак рэкамендацыям медыкаў”.

„Найяскравейшым прыкладам усіх названых заганаў улады з’явілася правядзенне масавых мерапрыемстваў 9 траўня, у тым ліку вайсковага парада і канцэрта, — адзначаецца ў заяве. — Дзеля задавальнення ўласных амбіцыяў Аляксандр Лукашэнка сваім валюнтарысцкім рашэннем паставіў пад сур’ёзную пагрозу здароўе і жыцці тысячаў людзей, сярод іх — ветэранаў ІІ Сусветнай вайны ды пенсіянераў, якія належаць да асаблівай групы рызыкі”.

„Улады прадэманстравалі, што не зацікаўленыя ў належным, глыбокім і паўнавартасным міжнародным супрацоўніцтве, праігнараваўшы рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і абвясціўшы пра ўвядзенне грашовага збору за аказанне дабрачыннай дапамогі з-за мяжы, у тым ліку за ўвоз у краіну сродкаў барацьбы з  COVID-19”, — сцвярджаюць аўтары заявы.

У Партыі БНФ перакананыя, што „правядзенне выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі з’яўляецца гранічна безадказным і небяспечным”. „У той час як іншыя краіны Еўропы прымаюць апраўданыя рашэнні аб пераносе выбараў нават пры значна меншай колькасці захварэлых, цяперашнія улады Беларусі, наадварот, яшчэ наблізілі правядзенне кампаніі ў параўнанні з папярэдне меркаваным часам”, — адзначаецца ў заяве.

Сойм Партыі БНФ заяўляе, што „ва ўмовах пашырэння каранавіруса ў Беларусі правядзенне выбарчай кампаніі немагчымае. Перадусім таму, што кожны этап кампаніі патрабуе актыўнай наўпроставай камунікацыі паміж тысячамі людзей, што ставіць іх здароўе і жыцці, а таксама здароўе і жыцці іх родных пад пагрозу”.

„Ва ўмовах пандэміі падчас выбарчай кампаніі немагчыма таксама дасягнуць тых тактычных і стратэгічных мэтаў на будучыню, якія могуць апраўдваць удзел дэмакратычных кандыдатаў у недэмакратычных, несвабодных і несумленных выбарах, якімі яны з’яўляюцца ў Беларусі з 1995 года”, — падкрэсліваецца ў заяве.

„Грунтуючыся на пералічаных вышэй прычынах, сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне аб няўдзеле партыі ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Партыя не будзе вылучаць свайго кандыдата, а таксама не будзе падтрымліваць ніякага іншага кандыдата. Больш за тое, мы звяртаемся да лідараў і актывістаў усіх дэмакратычных арганізацыяў з заклікам не вылучаць сваіх кандыдатаў у прэзідэнты і не ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі. Удзел у выбарчай кампаніі у цяперашніх умовах любога з кандыдатаў або арганізацыяў будзе саўдзелам у разбурэнні перспектываў беларускага народу не толькі на вольную будучыню, але й на фізічнае выжыванне”, — лічаць аўтары заявы.

Партыя БНФ таксама заяўляе, што Аляксандр Лукашэнка „з’яўляецца нелегітымным кіраўніком краіны і не мае права балатавацца на пасаду прэзідэнта не толькі юрыдычна, але перадусім таму, што ягоны чарговы тэрмін будзе мець катастрафічныя наступствы для беларускай дзяржаўнасці, эканомікі і грамадства, для здароў’я насельніцтва”.

„Калі беларускія палітыкі супольна праявяць палітычную спеласць і адмовяцца ад удзелу ў небяспечнай выбарчай кампаніі падчас пандэміі, выбарчая кампанія павінная быць спыненая і прызначаныя паўторныя выбары. Да правядзення паўторных выбараў Партыя БНФ прапануе правесці Круглы стол нацыянальнай згоды дзеля абмеркавання шляхоў супрацьстаяння каранавіруснай пандэміі і палітычных рэформаў у Беларусі”, — гаворыцца ў заяве.

Партыя БНФ прапануе арганізацыям, сумесна з якімі яна заснавала і ажыццяўляе кампанію назірання „Права выбару”, перафарматаваць яе ва ўмовах пандэміі з кампаніі назірання за выбарамі „ў кампанію выяўлення ды фіксавання злачынных дзеянняў цяперашняй улады, якая будзе ў цені каранавіруса праводзіць маніпуляцыі, фальсіфікацыі і рэпрэсіі яшчэ больш нахабна, бессаромна, а цяпер і са смяротнай небяспекай для беларусаў”.

„Гэтая выбарчая кампанія распачынаецца ў надзвычайных умовах, яна нясе надзвычайныя і абсалютна новыя пагрозы не толькі правам і свабодам беларусаў, але і самім чалавечым жыццям. Пры такіх умовах ад дэмакратычных палітычных сілаў Беларусі патрабуецца новы ўзровень адказнасці — мы папросту не маем права дзейнічаць па-старому, ігнаруючы новыя, раней нечуваныя небяспекі”, — падкрэсліваюць у Партыі БНФ.

8 траўня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла рашэнне аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Да 15 мая ўключна прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта павінны падаць дакументаў для рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп.

belapan.by