Партыя БНФ патрабуе спыніць пераслед за выкарыстанне БЧБ сімволікі



Партыя БНФ патрабуе ад уладаў спыніць пераслед беларусаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі. Пра гэта гаворыцца ў заяве сойма партыі, распаўсюджанай яе прэс-службай.

У дакуменце адзначана, што ў беларусаў спрадвеку і да сёння герб „Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг з`яўляюцца „найбольш важнымі нацыянальнымі сімваламі, сімваламі свабоды, годнасці, незалежнасці Радзімы, народнага абуджэння і нацыянальнага адраджэння”. Гэты факт, мяркуюць у партыі, „яскрава засведчылі шматсоттысячныя дэманстрацыі гэтага года ў Менску і незлічоныя шэсці ды мітынгі з дзясяткамі тысяч удзельнікаў па ўсёй Беларусі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, тысячы бел-чырвона-белых сцягоў у дамах і кватэрах беларусаў, упрыгожаныя ў нацыянальных бел-чырвона-белых колерах двары і кварталы”.

У Партыі БНФ падкрэслілі, што пад нацыянальнымі беларускімі сімваламі „продкі баранілі краіну, перамагалі ў бітвах і войнах, будавалі, стваралі, развівалі нашую культуру і навуку”. У якасці прыкладу прыведзеныя паўстанні Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага, Слуцкі Збройны Чын, стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Спробы савецкай і цяперашняй афіцыйнай прапаганды „ачарніць і дыскрэдытаваць нацыянальную сімволіку” фактам дазволу яе выкарыстання падчас Другой сусветнай вайны ў акупаванай нацыстамі Беларусі, „прыраўняць яе да фашысцкай ды нацысцкай сімволікі”, як адзначана ў заяве, „з’яўляюцца цалкам хлуслівымі, брыдкімі і нахабнымі, супярэчаць фактам ды самі будуюцца паводле метадаў ды запаветаў аднаго з ідэолагаў нацызму ды стваральніка хлуслівай злачыннай гітлераўскай прапаганды Ёзафа Гебельса”.

На думку аўтараў заявы, тэзісы пра неабходнасць забароны бел-чырвона-белага сцяга выглядаюць „недарэчнымі і абсурднымі” на фоне таго, што „цяперашні расейскі трыкалор, які актыўна ды абсалютна бесперашкодна выкарыстоўваюць у Беларусі не толькі амбасада, прадстаўніцтвы ды грамадзяне РФ, але і асобныя беларускія грамадзяне, а нярэдка і супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных органаў, у тым ліку МУС ды Мінабароны, вельмі шырока выкарыстоўваўся расейскімі вайсковымі фармаваннямі, што ваявалі на баку і пад камандаваннем нацысцкай Нямеччыны”.

У Партыі БНФ нагадалі, што герб „Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг былі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гадах, пад тым сцягам прымаў прысягу ў якасці першага прэзідэнта краіны Аляксандр Лукашэнка.

„Ворагі беларушчыны знішчалі нацыянальныя сімвалы і беларускую мову, каб знішчыць свабоду і годнасць нашага народа, каб зламаць волю да адстойвання свайго права „людзьмі звацца”, — гаворыцца ў заяве. — Асабліва вар’яцкімі формы, метады і маштабы змагання дзяржаўнага апарату з бел-чырвона-белай сімволікай становяцца цяпер. МНС, камунальшчыкі, міліцыя, адміністрацыі школ ды іншых устаноў, афіцыйная прапаганда — усе магчымыя сродкі кінутыя дзяржаўнай машынай на змаганне з бел-чырвона-белымі сцягамі, стужкамі, парасонамі, вопраткай, бялізнай, снегавікамі, шлагбаўмамі”.

„За бел-чырвона-белыя сцягі ў вокнах сваіх кватэр беларусаў абвінавачваюць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ды караюць штрафамі ды арыштамі. Раман Бандарэнка, які выйшаў ва ўласны двор высветліць, на якой падставе невядомыя ў масках зразаюць белыя ды чырвоныя стужкі, якімі жыхары ўпрыгожылі свой двор, быў забіты. У афіцыйнай прапагандзе ўсё больш настойліва гучаць тэзы аб неабходнасці забароны бела-чырвона-белага сцяга”, — пералічана ў дакуменце.

З нагоды гэтага Партыя БНФ выказвае рашучы пратэст супраць усіх спроб забараніць або абмежаваць выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, намаганняў дыскрэдытаваць бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня”, а таксама патрабуе спыніць пераслед беларусаў за выкарыстанне БЧБ-сімволікі ў сваіх дамах, кватэрах, аўтамабілях, дварах.

Усе праявы націску на нацыянальную сімволіку партыя разглядае як „пераслед беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, скіраваны на пазбаўленне беларускага народу праяваў нацыянальнай ідэнтычнасці”.

Апрача таго, партыя заклікае ўсіх грамадзян „пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах ужывання, у тым ліку ў стасунках з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі”, а таксама „ініцыяваць і патрабаваць стварэння беларускамоўных груп і плыняў у навучальных установах розных узроўняў”.

„Немагчыма забараніць „Пагоню” і бел-чырвона-белы сцяг, як немагчыма забараніць праўду і прагу да жыцця. Штучнае ніколі не пераможа сапраўднае, мёртвае ніколі не пераможа жывое. З нашымі святымі нацыянальнымі сімваламі сіла нашага народу, які абудзіўся, вера і надзея, мужнасць і салідарнасць беларусаў, слава і веліч нашых продкаў, Божае благаслаўленне. Бел-чырвона-белы сцяг і „Пагоня” — сімвалы нашай перамогі, якую няздольныя прадухіліць ніякія сілы цемры, гвалту ды хлусні”, — падкрэслена ў заяве сойма Партыі БНФ.

belapan.by