Партыя БНФ патрабуе вызваліць усіх затрыманых



Партыя БНФ патрабуе вызваліць усіх фігурантаў справы аб масавых беспарадках і арыштаваных удзельнікаў вулічных акцый. Адпаведную заяву распаўсюдзіў 27 сакавіка ад імя партыі яе старшыня Аляксей Янукевіч.

У заяве выказаныя „абурэнне і рашучы пратэст” у сувязі з „беспрэцэдэнтнымі масавымі затрыманнямі і збіваннем удзельнікаў выключна мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка”. Той факт, што Менгарвыканкам не разгледзеў ва ўстаноўлены тэрмін заяўку на правядзенне гэтай акцыі, сведчыць аб парушэнні ўладамі „нават цяперашняга несправядлівага і недэмакратычнага закона „Аб масавых мерапрыемствах”, адзначае Партыя БНФ.

„Абсалютна нематываваныя арышты і гвалт” у дачыненні да грамадзян — удзельнікаў акцый 25 і 26 сакавіка, журналістаў, назіральнікаў і выпадковых прахожых з’яўляюцца „непрымальнымі і неадэкватнымі, дэманструюць аднаўленне дзеяння ўсіх ранейшых рэпрэсіўных механізмаў у Беларусі”, гаворыцца ў заяве.

Як лічаць у Партыі БНФ, улады „фабрыкуюць крымінальную справа супраць беларускіх патрыётаў з былога „Белага легіёну” і „Маладога фронту”, каб апраўдаць новую хвалю рэпрэсіяў супраць нязгодных з палітычным і сацыяльна-эканамічным курсам кіраўніцтва краіны”. Чыноўнікі, сілавікі і прапагандысты, датычныя да „раскруткі” справы аб масавых беспарадках і забароны акцыі 25 сакавіка з наступным затрыманнем дэманстрантаў, „працуюць на аслабленне і міжнародную ізаляцыю дзяржавы, наносячы прамую шкоду народу і нацыянальным інтарэсам Беларусі”.

Партыя БНФ патрабуе ад уладаў „спыніць рэпрэсіі супраць уласнага народа, які рэалізуе сваё права на мірны пратэст”, неадкладна вызваліць „усіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел у вулічных акцыях у Мінску і іншых гарадах Беларусі”, спыніць справу аб „падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” і вызваліць ўсіх яе фігурантаў.

Партыя БНФ таксама патрабуе адправіць у адстаўку міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і забяспечыць „гарантыі канстытуцыйнага права грамадзян Беларусі на мірныя сходы і негвалтоўны пратэст”.

Заява ўтрымлівае заклік да ААН даць працяг мандату спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі „як галоўнаму інструменту кантролю і міжнароднага маніторынгу сітуацыі ва ўмовах пагаршэння становішча са свабодай сходаў і ўзмацнення рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, журналістаў, праваабаронцаў”.

Партыя БНФ таксама заклікае АБСЕ паставіць пытанне аб немагчымасці правядзення Парламенцкай асамблеі ў чэрвені ў Мінску, калі „не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, не будуць спыненыя рэпрэсіі, а грамадзянам не будзе забяспечаная рэальная магчымасць праводзіць мірныя акцыі пратэсту”.

Савету Еўропы прапануецца разгледзець „пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з улікам меркавання беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый”, а прадстаўнікам ЗША і Еўразвяза — прымяніць усе спосабы „палітычнага ўплыву на афіцыйны Менск з мэтай спынення рэпрэсій”.

25 сакавіка, у Дзень Волі, які штогод праводзіць беларуская апазіцыя, у Менску было затрымана прыкладна 700 чалавек. Большасць з іх (прыблізна 600) адпушчаныя без складання пратаколаў, яшчэ 100 чалавек застаюцца ў ізалятарах да суда. Складзена прыблізна 130 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

На наступны дзень у Мінску былі затрыманыя яшчэ прыкладна 20 чалавек. Яны выйшлі ў цэнтр горада, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі.

belapan.by