Партыя БНФ рыхтуецца да выбараў новага старшыні



Партыя БНФ рыхтуецца да выбараў свайго новага старшыні. Адным з першых высунуў сваю кандыдатуру кіраўнік Менскай раённай Рады Партыі БНФ Ілля Дабратвор.

Ён кажа, што мае праграму развіцця партыі. Выступае за канструктыўны дыялог, у тым ліку з уладай, спадзяецца пачаць працэс аб’яднання дзвюх партый, на якія ў свой час раскалоўся БНФ, і хоча правесці перамовы па гэтым пытанні з Зянонам Пазьняком:

Аб’яднанне партый патрабуе сённяшняя палітычная сітуацыя ў краіне, кажа прэтэндэнт на пасаду новага старшыні партыі Ілля Дабратвор:

– На мой погляд трэба аб’яднацца і аб’яднацца ў тым ліку БНФ, які быў аб’яднаннем розных людзей зусім розных поглядаў. Для іх галоўнай была незалежнасць. У краіне не павінна быць двух БНФ, павінен быць адзін. Трэба ўмець дамаўляцца, дамаўляцца з рознымі людзьмі. У цяперашняга кіраўніцтва шмат крыўдаў, нейкіх асабістых адносінаў. У мяне такога няма, таму гэта мой плюс.

Акрамя Іллі Дабратвора пра жаданне ўзначаліць партыю заявіла Вольга Дамаскіна з Наваполацка. Дзеючы старшыня партыі Аляксей Янукевіч паводле статуту зноў балатавацца не мае права. Выбары новага старшыні Партыі БНФ мусяць адбыцца 30 верасня гэтага года.

Беларускае Радыё Рацыя