Партыя БНФ рыхтуецца да з’езду (абноўлена)
З Бярозы на з’езд партыі, які адбудзецца 13 верасня, паедзе 4 дэлегаты. Такое рашэнне прынятае на сустрэчы партыйцаў са старшынём партыі БНФ Аляксеем Янукевічам.
Таксама на сустрэчы былі абмеркаваныя розныя цякучыя пытанні дзейнасці партыі.
Пакуль на кандыдатуру старшыні партыі, якая будзе абрана на з’ездзе, ёсць толькі адзін прэтэндэнт, кажа Аляксей Янукевіч:
– На гэты момант ёсць агучаная адна кандыдатура – гэта мая кандыдатура. Я планую вылучацца на апошні тэрмін. На гэты момант іншых кандыдатаў няма, але не выключана, што такія з’явяцца на з’ездзе. Фактычна любы дэлегат можы вылучыць сябе ці прапанаваць іншага дэлегата з’езду.
Бярозаўскія сябры партыі не супраць кандыдатуры Аляксея Янукевіча. Яны лічаць, што партыя перажывае далёка не лепшыя часы і патрэбен лідар з досведам:
– Апошнія гады – гэта крызіс, цяжкія часы для БНФ. Янукевіч змагаецца і трымае на плаву партыю.
– Мы знаходзімся ў вялікім крызісе – і БНФ, і ўся наша нацыянальная ідэя.
– Хочацца, каб усё ж такі быў нейкі выбар. Але ёсць кандыдат – і гэта ўжо добра.
Акрамя таго, на з’ездзе будуць разгледжаны пытанні ўдзелу партыі ў кампаніі па выбарах прэзідэнта, якія адбудуцца ў 2015 годзе.
Плануецца, што партыя вызначыцца з прэтэндэнтам у кандыдаты на пасаду прэзідэнта, якога будзе падтрымліваць на выбарах.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза
* * *
Цягам бліжэйшых трох тыдняў Партыя БНФ плануе правесці больш за 50 сходаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. На іх будуць вылучацца дэлегаты на 16-ты з’езд арганізацыі, які адбудзецца 13 верасня ў Менску.
У шэрагу гарадоў Віцебскай, Гомельскай ды Менскай абласцей сходы ўжо адбыліся. На кожным рэгіянальным сходзе прысутнічаюць прадстаўнікі кіраўніцтва партыі, а таксама кіраўнікі абласных арганізацыйных структур.
„Сябраў Партыі БНФ на сходах па абранні дэлегатаў на з’езд цікавіць, перш за ўсё, стратэгія і тактыка дзеянняў партыі ў ходзе бліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў,” – адзначыў старшыня арганізацыі Аляксей Янукевіч. Паводле яго слоў, на сходах таксама абмяркоўваюцца магчымыя змены ў праграму партыі, а таксама далейшая праца з партнёрскімі арганізацыямі ў рамках кампаніі „Народны рэферэндум”.
Беларускае Радыё Рацыя