БНФ супраць ваеннай прысутнасці Расеі
Размяшчэнне чарговай ваеннай базы Расеі на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца шкодным і небяспечным, асабліва на фоне падзеяў ва Украіне, лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Гэта пытанне было абмеркавана на сойме партыі, які адбыўся ў Менску.
Па словах Рыгора Кастусёва, яго ўдзельнікаў насцярожыла, што прадстаўнікі некаторых партыяў з дэмакратычнай кааліцыі не ўбачылі ніякай небяспекі ў з’яўленні расейскай авіябазы ў Бабруйску:
– Некаторыя палітыкі заявілі, што размяшчэнне вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі – гэта ледзь не на карысць Беларусі, што шмат каго ўсхвалявала. Партыя БНФ гэтай тэмай усхвалявана даўно, па гэтай тэме ўжо праведзены шэраг мерапрыемстваў. Як адзін з прыкладаў – гэта пікеты супраць размяшчэння вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі, такія пікеты адбываліся ў розных гарадах, пачынаючы ад Хоцімска заканчваючы Берасцем.
Па словах Рыгора Кастусёва, мерапрыемствы па інфармаванню грамадства – пікеты, раздача друкаваных матэрыялаў, збор подпісаў супраць ваеннай прысутнасці Расеі будуць працягнуты.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск