Партыя БНФ вылучыла прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі
21 лістапада скончыўся тэрмін вылучэння прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Усяго па Беларусі будзе ўтворана 1309 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў – абласныя, Менская гарадская, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя выбарчыя камісіі.
Як паведаміў намеснік старшыні Партыі БНФ Зміцер Салошкін, сябры БНФ вылучаліся ў камісіі рознымі шляхамі:
„Збольшага вылучэнне адбывалася ад партыйных структур – абласнымі, гарадскімі і раённым арганізацыямі партыі. У выпадках, калі ў вобласці не хапала партыйных аргструктур, вылучэнне рабілася ад структур грамадскага аб’яднання БНФ „Адраджэнне” (як, напрыклад, у Гарадзенскай вобласці, дзе зарэгістраваная толькі Гарадзенская гарадская арганізацыя Партыі БНФ, а ў рэгістрацыі абласной структуры партыі чыноўнікі неаднаразова адмаўлялі). У некаторых мясцовасцях, за адсутнасцю ў мясцовых суполак БНФ афіцыйнай рэгістрацыі, прадстаўнікі партыі вылучаліся шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.
З улікам дэцэнтралізацыі працэсу вылучэння ў тэрытарыяльныя камісіі, які знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых аргструктур партыі, пакуль цяжка агучыць дакладную лічбу вылучаных у тэрытарыяльныя камісіі прадстаўнікоў БНФ. Мы вылучылі блізка дзесяці прадстаўнікоў па тых тэрыторыях, дзе плануецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ, альбо дзе на мясцовым узроўні дасягнутая дамоўленасць пра ўзаемадзеянне і падтрымку кандыдатаў ад іншых арганізацыяў. Гэта прыкладна тая ж колькасць, якая была на ранейшых мясцовых выбарах у 2010 і 2014 гадах” – сказаў Зміцер Салошкін.
Сябры БНФ вылучаныя ў выбарчыя камісіі ў Менску, Менскай вобласці, у Слуцку, Віцебскай вобласці і горадзе Віцебску, у Светлагорску, Гародні, Слоніме, Лідзе, Магілёве.
Цяпер да 24 лістапада мясцовыя органы ўлады павінны правесці пасяджэнні і сфармаваць склад тэрытарыяльных выбарчых камісій. У кожную камісію ўключаецца ад 7 да 13 сябраў камісіі.
На наступным этапе выбарчай кампаніі будуць сфармаваныя акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў абласных саветаў і тэрытарыяльныя камісіі па раёнах Менска, якія выконваюць функцыі акруговых камісіяў у сталіцы. Вылучэнне ў камісіі гэтага ўзроўню павінна адбыцца не пазней за 1 снежня.
Беларускае Радыё Рацыя