Партыя БНФ вылучыла ў Гародні прадстаўнікоў у акруговыя камісіі
Партыя БНФ „Адраджэнне” пачынае падрыхтоўку да выбараў.
У Гародні намеснік Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў падаў шэсць пратаколаў у абласны выканаўчы камітэт пра вылучэнне ў акруговыя выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў:
– Было здадзена шэсць пратаколаў – гэта па адным чалавеку на выбарчую акругу. Будуць яшчэ данесеныя падпісныя лісты, бо ёсць яшчэ людзі, якія вылучаюцца шляхам збору подпісаў. На гэтым этапе сітуацыя такая. Фармаванне камісій завершыцца 30-га чысла. 31-га па папярэдніх звестках будзе пасяджэнне аблвыканкаму і абласнога савету, дзе будуць сфармаваны акруговыя выбарчыя камісіі. Будзе ўжо прынамсі першы маячок таго, як праходзіць кампанія.
У суботу 31-га жніўня Вадзім Саранчукоў, як прадстаўнік Партыі БНФ, будзе прысутнічаць на фармаванні акруговых выбарчых камісій у Гарадзенскім абласным выканаўчым камітэце.
17-га лістапада сёлета паводле ўказа Лукашэнкі выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пройдуць амаль на год раней за планаваны тэрмін.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
