Партыя БНФ заклапочана зацягваннем перамоў па адзіным
Партыя БНФ незадаволена працэсам вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на будучых прэзідэнцкіх выбарах. На Сойме партыі, які адбыўся ў Менску 15 лістапада, абмяркоўвалася магчымасць правядзення самастойнай прэзідэнцкай кампаніі, а таксама іншыя сцэнары.
Па словах старшыні партыі Аляксея Янукевіча, падчас спрэчак выявілася вострае незадавальненне сябраў зацягваннем перамоваў па адзіным кандыдаце. Фактычна было вырашана рыхтавацца да правядзення самастойнай кампаніі. Аднак гэта не азначае, што партыя выходзіць з перамоваў аб адзіным, — падкрэсліў Янукевіч.
– Наадварот, мы будзем да апошняга імкнуцца скарыстаць усе магчымасці і шанцы, каб адзіны кандыдат быў вылучаны. Будзем праводзіць больш шчыльныя кансультацыі з нашымі палітычнымі і ідэалагічнымі партнёрамі, абмяркоўваць магчымасць правядзення супольнай прэзідэнцкай кампаніі на глебе нацыянальных каштоўнасцяў. Таму што Сойм на сённяшні момант выступае за тое, каб адным з прынцыповых пытанняў і падыходаў любых кааліцый на прэзідэнцкія выбары было пытанне праграмы кандыдата, крытэраў і ідэйных прынцыпаў.
Такія крытэры будуць у бліжэйшы час сфармуляваны і прапанаваны партнёрам Партыі БНФ, — сказаў Аляксей Янукевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя