Партыя БНФ заклікае ўвесці кантроль на мяжы з Расеяй
Звароты да Парламента Беларусі за ўвядзенне кантролю дзяржаўнай мяжы з Расейскай Федэрацыяй накіроўваюць сябры Партыі БНФ. Зварот накіроўваецца сябрамі партыі з розных раёнаў краіны. Старшыня гарадзенскай рады Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў накіраваў гэты зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Васіля Міхна.
Паводле Вадзіма Саранчукова, цяпер існуе пагроза нацыянальнага маштабу ў тым, што мяжы фактычна няма.
– Адкрытая мяжа з Расейскай Федэрацыяй з’яўляецца вялікай небяспекай для нацыянальных інтарэсаў і бяспекі Беларусі. Бо менавіта праз яе адбываецца бескантрольны наркатрафік, абарот зброі, гандаль людзьмі. І на сённяшні дзень адкрытасць мяжы стварае непасрэдную пагрозу для нашай краіны. З 2012 па 2015 год колькасць злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, павялічылася ў 2 разы. Напрыклад, міністр унутраных спраў Шуневіч непасрэдна падкрэслівае тое, што асноўныя каналы пастаўкі і зброі, і наркотыкаў ідуць з расейскай Федэрацыі.
Што зроблена прызначанымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, каб прадухіліць увоз наркатычных сродкаў і зброі на абшары Беларусі з Расейскай Федэрацыі? Гэта галоўнае пытанне звароту. Цяпер Вадзім Саранчукоў чакае пісьмовага адказу з Палаты прадстаўнікоў і непасрэдна дэпутата ад Гародні Васіля Міхна.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара