Партыя кансерватараў упэўнена перамагла на выбарах у Вялікабрытаніі
Партыя кансерватараў на чале з прэм’ер-міністрам Борысам Джонсанам атрымала ўпэўненую перамогу на пазачарговых парламенцкіх выбарах у Вялікабрытаніі.
Лейбарысты пацярпелі поўнае паражэнне, паведамляе брытанскі тэлеканал Sky News. Паводле даных, атрыманых ад 649 выбарчых акруг з 650, партыя кансерватараў забяспечыла сабе большасць у Палаце абшчын: 364 месцы з 650. Лейбарысты на чале з Джэрэмі Корбінам атрымалі 203 мандаты, Шатландская нацыянальная партыя – 48, Ліберальна-дэмакратычная партыя – 11. Гэта буйнейшая перамога кансерватараў з 1987 года і горшы вынік лейбарыстаў за дзесяцігоддзі, паведамляе BBC. Пасля выбараў у 2017 годзе ў кансерватараў было на 47 мандатаў менш. У лейбарыстаў жа, наадварот, было на 59 месцаў больш. Яўка выбаршчыкаў на праведзеных 12 снежня выбарах склала 67,3 працэнта (амаль 32 млн чалавек).
„Мы правядзём Brexit у тэрмін, да 31 студзеня, без якіх-небудзь „але”, „калі” або „можа”. Злучанае Каралеўства як адзінае цэлае пакіне Еўрасаюз, вярнуўшы сабе кантроль над нашымі законамі, межамі, фінансамі, гандлем і іміграцыйнай сістэмай”, – сказаў сёння прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, выступаючы перад выбаршчыкамі ў Лондане. Выбары ў парламент Вялікабрытаніі традыцыйна праводзяцца кожныя чатыры або пяць гадоў. Але ў кастрычніку дэпутаты прагаласавалі за пазачарговае апытанне. Гэта першыя выбары амаль за 100 гадоў, якія праводзяцца ў краіне ў снежні.
Фота Reuters