Партыя Пашыняна выйграла выбары ў Арменіі
Партыя „Грамадзянская дамова”, лідарам якой ёсць выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашынян, перамагла на парламенцкіх выбарах. Пра гэта паведамляецца на сайце ЦВК краіны.
Паводле паданых звестак ЦВК з усіх 2008 участкаў, партыю Пашыняна падтрымалі 53,92% выбарцаў, блок экс-прэзідэнта Арменіі Роберта Качарана „Арменія” – 21,04%. Блок „Гонар маю” былога армянскага прэзідэнта Сержа Саргсяна набраў 5,23%, аднак гэтага недастаткова для праходу блока ў парламент.
Парламенцкія выбары прайшлі ў краіне 20 чэрвеня, яўка склала 49,4%.
Пасля падліку галасоў блок „Арменія” выпусціў заяву, у якой гаворыцца, што альянс не прызнае папярэднія вынікі пазачарговых парламенцкіх выбараў у краіне. Гэтыя вынікі назвалі „спрэчнымі”.
Галасаванне праводзілася толькі на тэрыторыі Арменіі. Парога яўкі паводле заканадаўства няма. Праходны бар’ер для партыйных блокаў складае 7%, а для партый 5%.
Паводле заканадаўства, у парламенце краіны павінны быць прадстаўлены як мінімум тры палітычныя сілы.
Беларускае Радыё Рацыя