Партыя „Зялёныя”: з удзелам у выбарах пакуль не вызначыліся



Старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Алег Новікаў распавёў, якім чынам іх партыя збіраецца прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах-2015.

Алег Новікаў

Алег Новікаў: Думаю, вясной збярэмся на пасяджэнне, дзе і абмяркуем свой фармат удзелу ў выбарах. Тым больш, да гэтага часу, магчыма, стане вядомы агульны фармат дзеянняў дэмакратычных сілаў падчас гэтай кампаніі. Ужо з гэтых фактараў і будзем сыходзіць. А пакуль для нас усё ў тумане.

РР: Уласнага меркавання з гэтай нагоды не маеце?

Алег Новікаў: Каб мець такую пазіцыю, трэба ведаць, як будуць дзейнічаць іншыя суб’екты нашага палітычнага поля. Будзе валюнтарызмам, калі мы нешта заявім, а не зробім. Да таго ж, мы пакуль нават не прыкідвалі свае матэрыяльныя рэсурсы, а без іх правядзенне кампаніі таксама немагчыма.

РР: Але ж часу застаецца ўсё менш і менш…

Алег Новікаў: Так. Праўда, мне падаецца, што кампанію трэба пачынаць, калі з’яўляецца палітызацыя грамадства, а зімой гэтага традыцыйна няма. Як кажуць, у Беларусі палітычны сезон адкрываецца 25 сакавіка. Да гэтага часу ўсё будзе, на мой погляд, у закансерваваным стане, нягледзячы на тое, што палітычная актыўнасць беларусаў стала крыху большай з-за падзеяў ва Украіне. Фарсіраваць падзеі мы не будзем.

РР: Але ваша партыя збіраецца прыняць удзел у кампаніі?

Алег Новікаў: Нейкім чынам – безумоўна. Мы прымалі ўдзел у выбарах-2010, для партыі было шмат пазітыўнага. Грэх і зараз не выкарыстаць момант.

РР: У 2010 годзе ваша партыя вылучыла свайго прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду. Можа быць, і зараз плануеце?

Алег Новікаў: Тады была іншая сітуацыя… Зараз паглядзім, якая будзе атмасфера ў грамадстве, прааналізуем іншыя моманты, якія ад нас не залежаць. Натуральна, хацелася б, каб і наш прадстаўнік узяў удзел у выбарах, але, паўтаруся, канчаткова гэтае пытанне вырашым вясной.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя