Парубій: Польскі закон аб ІНП – удар у спіну ваюючай Украіне



Па словах спікера Вярхоўнай Рады Андрэя Парубія, у аўторак пастанова, якая асуджае польскі закон аб Інстытуце нацпамяці, будзе пастаўлена на галасаванне парламента.

Спікер Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій лічыць недружалюбным крокам прыняцце парламентам Польшчы закона аб Інстытуце нацыянальнай памяці, які прадугледжвае пакаранне за адмаўленне „злачынстваў украінскіх нацыяналістаў”. Пра гэта ён заявіў вечарам 5 лютага ў эфіры праграмы „Свабода слова” на тэлеканале ICTV.

Па маім глыбокім перакананні, гэты закон з’яўляецца ўдарам у спіну ваюючай Украіне. І, без сумневу, ад яго не атрымаюць выгады ні ў Варшаве, ні ў Кіеве. І толькі адзін выгадаатрымальнік можа быць – гэта ў Крамлі, у Расейскай Федэрацыі для распальвання варожасці „, – сказаў Парубій.

Паводле яго слоў, Украіна нікому не дазволіць паказваць, як фармаваць гістарычную памяць і як шанаваць украінскіх герояў.

Спікеру асабліва крыўдна, што гэты закон прыняты ў той час, калі ўкраінцы „на перадавой, на ўсходзе Украіны, абараняюць увесь вольны свет, і ў тым ліку Польшчу і палякаў ад расейскай агрэсіі, расейскай акупацыі, як гэта было ўжо неаднаразова ва ўкраінскай гісторыі „.

Ён нагадаў, што даў даручэнне камітэту Рады па замежных справах напрацаваць агульную заяву, якая ў аўторак будзе пастаўлена на галасаванне парламента адной з першых.

26 студзеня польскі Сейм у трэцім чытанні прагаласаваў за законапраект аб папраўках да закона аб Інстытуце нацыянальнай памяці.

За адмаўленне „злачынстваў украінскіх нацыяналістаў” у 1925-1950 гадах законам прадугледжаны штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Нормы закона распаўсюджваюцца не толькі на грамадзян Польшчы, але і на замежнікаў. Выключэнне зроблена для мастацкіх твораў і навуковых дыскусій.

У ноч на 1 лютага закон прыняў польскі Сенат, яго накіравалі на подпіс прэзідэнту Анджэю Дуду. Раней Дуда абяцаў яго „старанна прааналізаваць”.

gordonua.com

Фота Alexandr Senko / Facebook