Парушэнні на ўчастку ў Баранавічах



У Баранавічах, глуханямыя, якія пражываюць у інтэрнаце на выбарчым участку №24, дружна прыйшлі на датэрміновае галасаванне. Участак размешчаны ў невялікім пакойчыку сярэдняй школы №14. У некаторых з прыйшоўшых было адразу па некалькі пашпартоў. Адна з перакладчыц выконвала ролю кансультанта па выбары кандыдата, кажа назіральніца Улада Малашчанка:

— З іх было дзесьці тры чалавекі, якія хацелі прагаласаваць за кагосьці і прыйшлі з чужымі пашпартамі. На групу інвалідаў у 5 чалавек быў адзін перакладчык, так яны называлі самі сябе. Адна з перакладчыц паказвала, куды менавіта ставіць галачку.  

У першы дзень датэрміновага галасавання на ўчастку №24 прагаласавала ўсяго 8 чалавек. На другі дзень — ужо 53. З іх 30 — глуханямыя. Паводле Улады Малашчанкі, з неафіцыйных крыніц стала вядома, што іх направіла на ўчастак кіраўніцтва інтэрната. Астатнія з прагаласаваўшых добра вядомыя сябрам камісіі людзі. Яны віталіся і вялі прыватныя размовы.

Беларускае Радыё Рацыя