Парыж: пратэсты „жоўтых камізэлек” радыкалізаваліся
З’явіліся новыя звесткі пра колькасць затрыманых. Як паведаміла Le Monde, у Парыжы паліцыянты затрымалі і завезлі ў пастарункі 151 чалавека. Дзясяткі чалавек цягам дня былі паранены, сярод іх 27 дэманстрантаў і 17 супрацоўнікаў праваахоўчых органаў. Траўмаваны таксама адзін пажарны.
***
На Елісейскіх палях у Парыжы, дзе праходзіла акцыя „жоўтых камізэлек”, разгромлены вітрыны прэстыжных крамаў ведамых брэндаў, разрабаваны рэстараны, выгарала некалькі газетных кіёскаў, быў падпалены адзін з будынкаў.
Больш 82 чалавек затрыманыя, 11 чалавек лёгка паранены.
***
Удзельнікі шэсця сталі наступаць на ахоўнікаў парадку ў раёне плошчы Тэрн. У адказ сілавікі паспрабавалі разагнаць натоўп слёзацечным газам.
Людзі працягнулі ісці ад плошчы Зоркі каля Трыумфальнай аркі. Пратэстоўцы палілі пластыкавыя бакі для смецця, ламалі гарадскія электрычныя самакаты, кідалі петарды.
16 сакавіка ў Парыжы праходзіць ужо 18-я пратэстная акцыя так званых „жоўтых камізэлек”. Яе адрозненне ад папярэдніх у тым, што дзеянні пратэстоўцаў значна радыкалізаваліся.
Акцыя пратэсту адзначана новай хваляй гвалту. Пасля двух месяцаў, калі суботнія выступы супраціўнікаў рэформ Эмануэля Макрона сталі ўжо традыцыйнымі, калі яны праходзілі параўнальна мірна і з невялікай колькасцю затрыманняў, сёння ў паліцэйскіх зноў паляцелі камяні, а сілавікі ў адказ запусцілі вадамёты.
Колькасць затрыманых у Парыжы цягам акцыі пратэсту на 17.30 беларускага часу паводле афіцыйных звестак склала 64 чалавекі. Усяго ў маніфестацыях бяруць удзел больш 7 тысяч дэманстрантаў.
Беларускае Радыё Рацыя