ПАСЕ абмяркуе вынікі парламенцкіх выбараў у Беларусі



Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) абмяркуе вынікі парламенцкіх выбараў у Беларусі. Гэтае пытанне ўнесенае ў парадак дня зімовай сесіі ПАСЕ, якая пройдзе з 27 па 31 студзеня ў Страсбургу.

Выбары, што адбыліся ў 2019 годзе ў Беларусі, будуць абмеркаваныя ў першы дзень сесіі. Плануецца, што кіраўнік дэлегацыі ПАСЕ па назіранні за выбарамі ў Беларусі лорд Дэвід Бленкатра прэзентуе свой даклад, і пасля дэпутаты абмяркуюць вынікі парламенцкай кампаніі ў Беларусі.

У дакладзе, у прыватнасці, адзначаецца, што „датэрміновыя парламенцкія выбары 17 лістапада прайшлі спакойна, але не адпавядалі важным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў, асноўныя свабоды былі праігнараваныя, цэласнасць выбарчага працэсу не была належным чынам гарантаваная”.

Дэлегацыя ПАСЕ расчараваная тым, што Беларусь не выканала рэкамендацыі па рэформе выбарчага заканадаўства, якія былі дадзеныя паводле вынікаў парламенцкіх выбараў у 2016 годзе. „Дэлегацыя лічыць, што змены ў выбарчым заканадаўстве неабходныя для забеспячэння доўгатэрміновай стабільнасці ў Беларусі, — гаворыцца ў дакладзе. — Беларусь з`яўляецца асацыяваным членам Венецыянскай камісіі Савета Еўропы, якая ўсталёўвае стандарты і рэкамендацыі для выбарчага заканадаўства”.

Сярод недахопаў, якія неабходна ліквідаваць, у дакладзе ўказаныя: незбалансаваны склад выбарчых камісій; адсутнасць адзінага рэестра выбаршчыкаў; сур`ёзныя перашкоды для рэгістрацыі палітычных партый і адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам па фармальных прычынах; крымінальная адказнасць за паклёп, што прыводзіць да залішняй самацэнзуры ў СМІ; недастатковая празрыстасць працэдуры датэрміновага галасавання; уцягванне работнікаў дзяржустаноў у выбарчыя працэсы і адкрытая агітацыя за кандыдатаў ад улады і іншыя.

belapan.by

Фота Reuters