ПАСЕ: Беларусь яшчэ раз даказала, што не цалкам адпавядае еўрапейскім стандартам



Прымяненне смяротнага пакарання працягвае перашкаджаць развіццю глыбейшых адносін Беларусі з Саветам Еўропы, заявіў генеральны дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАСЕ) па адмене смяротнага пакарання Цітус Карлацян.

Заява апублікаваная на сайце ПАСЕ.

Карлацян выказаў шкадаванне ў сувязі з нядаўняй смерцю Аляксандра Жыльнікава і заклікаў беларускія ўлады не прыводзіць у выкананне прысуд у дачыненні да другога фігуранта справы Вячаслава Сухаркі.

„Незалежна ад цяжару злачынства і грамадскай зацікаўленасці ў прымяненні суразмернай санкцыі, еўрапейскія дэмакратычныя стандарты забараняюць прымяненне смяротнай кары пры любых абставінах, — сказаў Карлацян. — Беларусь яшчэ раз даказала, што яна не цалкам адпавядае асноўным еўрапейскім стандартам, і яе прымяненне смяротнага пакарання працягвае перашкаджаць развіццю больш глыбокіх адносін з Радай Еўропы. Я зноў заклікаю беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў тэрміновым парадку і ў якасці першага кроку на шляху да яе поўнай адмены. Гэта адзіны шлях наперад”.

Аб выкананні чарговага смяротнага прысуду стала вядома 13 чэрвеня. Згодна са звесткамі беларускіх праваабаронцаў, быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Жыльнікава. Лёс другога фігуранта крымінальнай справы — Вячаслава Сухаркі — пакуль невядомы. „Але, як паказвае практыка, прысуды адначасова прыводзяцца ў выкананне ў адносінах да ўсіх асуджаных да вышэйшай меры па адной справе”, — адзначае праваабарончы сайт spring96.org.

Жыльнікаў і Сухарка прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек.

Раней з асуджэннем расстрэлу Жыльнікава выступілі Рада Еўропы і Еўразвяз.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.

belapan.by