ПАСЕ: Беларусі неабходна правесці комплексную рэформу выбарчага заканадаўства
Беларусі неабходна правесці комплексную рэформу выбарчага заканадаўства. Гэта вынікае з рэзалюцыі, якую ўхваліў камітэт па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ).
Як паведамляе прэс-служба арганізацыі, рэзалюцыя падрыхтаваная на аснове даклада лорда Дэвіда Бленкатры (Вялікабрытанія) „Тэрміновая неабходнасць выбарчай рэформы ў Беларусі”.
У рэзалюцыі адзначаецца, што „існая правальная выбарчая сістэма стала рухальным фактарам цяперашняга палітычнага, эканамічнага і праваабарончага крызісу ў краіне”.
У рэзалюцыі пералічаныя прыярытэтныя сферы, якія патрабуюць змен для прывядзення іх у адпаведнасць з папярэднімі рэкамендацыямі ПАСЕ, БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі. Адзначаецца, што пералічаныя арганізацыі паказвалі на „сістэмныя праблемы выбарчай сістэмы” Беларусі на працягу двух дзесяцігоддзяў.
У рэзалюцыі камітэта падкрэсліваецца, што дэмакратычныя выбары немагчымыя без павагі да правоў чалавека. Камітэт „самым рашучым чынам асудзіў беспрэцэдэнтную хвалю гвалту, масавых арыштаў і запалохванняў” пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія „не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі”.
Адзначаецца, што ўступленне Беларусі ў Савет Еўропы на аснове каштоўнасцяў і прынцыпаў гэтай арганізацыі застаецца стратэгічнай мэтай. Камітэт заклікаў беларускія ўлады і ўсе зацікаўленыя бакі „тэрмінова пачаць шырокі і інклюзіўны нацыянальны дыялог для забеспячэння мірнага выхаду з крызісу”.
Падрыхтаваны лордам Бленкатрам даклад і рэзалюцыя на яго аснове будуць разгледжаныя ПАСЕ падчас вясновай сесіі, якая пройдзе ў Страсбургу 19—22 красавіка.
У яе ходзе таксама будзе разгледжаны даклад „Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання”, які на запыт камітэта ПАСЕ па юрыдычных пытаннях падрыхтавала дэпутат Аляксандра Луі (Францыя). У рэзалюцыі на аснове гэтага даклада ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў „вызваліць усіх палітзняволеных, спыніць акты катаванняў, забяспечыць справядлівы судовы разбор і свабоду СМІ”.