Пашынян: Продаж Беларуссю зброі Азербайджану скажае сутнасць АДКБ



Продаж Беларуссю зброі Азербайджану скажае сутнасць Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), заявіў выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян на прэс-канферэнцыі ў Ерэване.

Пашынян нагадаў, што Беларусь паставіла Азербайджану партыю рэактыўных сістэм залпавага агню „Паланэз”, яшчэ калі генеральным сакратаром АДКБ быў прадстаўнік Арменіі Юрый Хачатураў, адкліканы пасля з пасады з-за выстаўленых супраць яго абвінавачанняў. „Наша пазіцыя вельмі ясная: мы асуджаем такія здзелкі, разглядаем гэтыя дзеянні як накіраваныя супраць нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Арменія і лічым, што яны скажаюць сутнасць АДКБ. Мы павінны даць узаемныя тлумачэнні”, — цытуе в.а. прэм’ер-міністра  panarmenian.net.

Ён дадаў, што для ўсіх краін — членаў АДКБ павінна быць ясна, якія абавязацельствы яны маюць адзін перад адным і арганізацыяй. „Мы цалкам выконваем нашы абавязацельствы, чаго, на жаль, не можам сказаць пра некаторых нашых партнёраў”, — сказаў на заканчэнне Пашынян.

У межах візіту ў Менск прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева сярод іншых дакументаў 19 лістапада падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам абароны Азербайджанскай Рэспублікі і Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Рэспублікі Беларусь па развіцці двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне паставак зброі і тэхнікі супрацьпаветранай абароны, паведамляе АзерТадж. Афіцыйныя беларускія крыніцы пра падпісанне дакумента не паведамлялі.

Нагадаем, 16 лістапада Пашынян заявіў журналістам, што патрабуе тлумачэнняў ад Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з абмеркаваннем сітуацыі ў АДКБ з краінай, якая не з’яўляецца членам гэтай арганізацыі, — Азербайджанам. Вынікі саміту АДКБ, які прайшоў 8 лістапада ў Астане, абмяркоўваліся 12 лістапада на сустрэчы Лукашэнкі з паслом Азербайджана Латыфам Гандзілавым.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз назваў заявы Пашыняна непрымальнымі. „Напэўна, спадар Пашынян пакуль не зразумеў, што правілы так званай вулічнай дэмакратыі непрымальныя ў вялікай палітыцы. Шкада. Спадзяемся, што з часам гэта пройдзе”, — заявіў Глаз.

belapan.by

Фота Lenta.ru