Пашынян запатрабуе тлумачэнняў ад Лукашэнкі
Выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян запатрабуе тлумачэнняў ад Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з абмеркаваннем сітуацыі, якая склалася ў АДКБ, з краінай, што не з’яўляецца чальцом гэтай арганізацыі, — Азербайджанам.
Як паведамляе News.am, 16 лістапада ў гутарцы з журналістамі Нікол Пашынян заявіў: „Гэта прыкладна тое ж самае, як калі б, напрыклад, я запрасіў якога-небудзь замежнага пасла краіны, якая не з’яўляецца чальцом АДКБ, і распавёў яму пра пасяджэнне, якое прайшло ў фармаце зачыненых дзвярэй. Я здзіўлены тым, што чалавек, які займае статус кіраўніка дзяржавы на працягу 30 гадоў, мог дазволіць сабе падобны крок. І я, вядома, павінен запатрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Беларусі і не толькі ад прэзідэнта Беларусі”.
Пашынян таксама мае намер патрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, які пасля паседжання саміту АДКБ заявіў, што на пасаду генеральнага сакратара арганізацыі будзе прызначаны прадстаўнік Беларусі.
„Ніхто не меў права выступаць з падобнай заявай, таму што рашэнні ў АДКБ прымаюцца пры кансэнсусе, а мы дакладна выказалі нашу пазіцыю. Думаю, вельмі важна, каб у рамках АДКБ мы мелі вельмі выразную размову з партнёрамі, каб для кожнага было ясна, якія яго абавязацельствы ў адносінах да астатніх і наогул якія абавязацельствы краін-удзельніц у адносінах да арганізацыі і іншых краін-удзельніц”, — адзначыў в.а. прэм’ер-міністра Арменіі.
Пашынян распавёў, што ў тэлефоннай размове 16 лістапада з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным яны таксама абмеркавалі гэтае пытанне.
Як паведамляў БелаПАН, вынікі саміту АДКБ, які прайшоў 8 лістапада ў Астане, абмяркоўваліся 12 лістапада на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з паслом Азербайджана Латыфам Гандзілавым.
У Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.
Каментуючы заяву Нікола Пашыняна пра прэтэнзіі на адрас беларускага кіраўніка, прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў, што ў вялікай палітыцы неабходна кіравацца не правіламі «вулічнай дэмакратыі», а прынятымі цалкам выразнымі нормамі этыкету, піша Tut.by. «Мабыць выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Арменіі ўявіў сябе міжнародным пракурорам, упаўнаважаным караць або мілаваць», — адзначыў Анатоль Глаз.
На думку прадстаўніка беларускага замежнапалітычнага ведамства, гэта можа быць прымальна ў дачыненні да былога генеральнага сакратара АДКБ, грамадзяніна Арменіі Юрыя Хачатурова, але ў міждзяржаўных адносінах існуюць цалкам выразныя нормы пратаколу і этыкету.
«Напэўна спадар Пашынян пакуль не зразумеў, што правілы так званай вулічнай дэмакратыі непрымальныя ў вялікай палітыцы. Шкада, спадзяемся, што з часам гэта пройдзе», – адзначыў Анатоль Глаз.