Пасла ЗША ў Беларусі пакуль не будзе



Пытанне пра вяртанне ў Менск пасла Злучаных Штатаў Амерыкі пакуль не абмяркоўвалася, паведаміў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

Роланд таксама паведаміў, што максімальна пашырыць спіс віз, якія беларускія грамадзяне могуць атрымаць, не выязджаючы з краіны, ЗША зможа толькі пасля паўнацэннага аднаўлення працы свайго пасольства ў Беларусі.

„Мы раімся з нашымі калегамі ў Вашынгтоне, – заявіў дыпламат. – Мы разам вырашаем, калі ў нас будуць [спрыяльныя] умовы для пашырэння гэтага спіса. У адзін цудоўны дзень у нас будзе нармальнае пасольства і мы зможам забяспечваць візамі абсалютна ўсіх грамадзян Беларусі. Пакуль гэта абмежаваная колькасць [віз]”.

Як паведамлялася раней, член палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША ад штата Каліфорнія Дана Рорабакер 3 жніўня ў Мінску на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прапанаваў Беларусі і ЗША павысіць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва. Парламентарый заявіў, што ЗША хочуць „прасоўваць мір і супрацоўніцтва ў межах рэгіёна і паміж дзяржавамі ўсяго свету”, выказаўшы надзею на тое, што „мірныя намаганні пачнуцца менавіта сёння і атрымаюць сваё развіццё”. На думку Рорабакера, першым крокам у гэтым кірунку можа быць павышэнне ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва і вяртанне пасла ЗША ў Мінск і пасла Беларусі — у Вашынгтон.

Летам мінулага года пасольства ЗША ўпершыню з 2008 года пашырыла спіс візавых паслуг для грамадзян Беларусі. Так, са жніўня 2014 года пасольства пачало прыём зваротаў па візы катэгорый F (студэнт), М (студэнт прафесійна-тэхнічнай навучальнай установы) і J (удзельнік праграмы культурнага абмену). У чэрвені гэтага года пасольства ЗША стала прымаць заяўкі на працяг наяўных і аднаўленне віз, якія закончыліся менш як чатыры гады таму.

belapan.by