Пасланне Лукашэнкі народу і парламенту перанесенае
Аляксандр Лукашэнка звернецца са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту 4 жніўня, а не 3-га, як планавалася раней, паведаміў БелаПАН старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.
„Дэпутатам давялі, што [адбудзецца] у аўторак, у панядзелак адкрыецца пазачарговая сесія”, — паведаміў Гайдукевіч, які таксама з’яўляецца даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле яго слоў, прычыны пераносу даты паслання дэпутатам не растлумачылі.
Такім чынам, Лукашэнка выступіць з пасланнем у дзень пачатку датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта.
Раней Нацыянальны інтэрнэт-партал прававой інфармацыі pravo.by паведаміў, што „ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы ад 24 лiпеня 2020 года № 294 3 жніўня 2020 года ў Мінску склікаецца трэцяя пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі для заслухоўвання штогадовага паслання прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь і разгляду іншых пытанняў”.
Традыцыйна афіцыйны лідар выступаў з пасланнем вясной. Сёлета яно таксама было запланаванае на сярэдзіну красавіка, але было адкладзенае. Прычыны пераносу Лукашэнка растлумачыў, размаўляючы 25 красавіка з журналістамі падчас суботніка на тэрыторыі нацыянальнага парку „Прыпяцкі”. „Я так падумаў, што калі прэзідэнцкія выбары, то можам сумясціць пасланне (пашырыць яго, зрабіць больш стратэгічным) з праграмай цяперашняга прэзідэнта. Гэта адна з ідэй. Я літаральна нядаўна прыйшоў да такой ідэі. Магчыма, яшчэ нешта з’явіцца”, — сказаў ён.
Паводле слоў кіраўніка Беларусі, звычайна пасланне ўключае ў сябе толькі акцэнты на гэты год і некаторыя штрыхі на будучыню, а калі сумясціць яго з перадвыбарнай праграмай прэзідэнта, то будзе магчымасць „зазірнуць за гарызонт” на ўсю наступную пяцігодку. „Думаю, і іншыя кандыдаты так зробяць”, — заявіў Лукашэнка.
Ён паведаміў, што мерапрыемства было запланаванае на сярэдзіну красавіка, але без канкрэтнай даты. „Як толькі гатовае было б пасланне і адпавядала б духу сённяшняга дня, яно б прагучала ў сярэдзіне красавіка. Але сітуацыя з „каранапсіхозам”, інфекцыямі, а потым абвешчанай пандэміяй рэзка змяніла сітуацыю не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце”, — растлумачыў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што калі б становішча змянілася толькі ў Беларусі, то пасланне ўжо б прагучала. „Але мы вельмі залежым, як і ўсе дзяржавы, і нават буйныя, багатыя, ад таго, што адбываецца ва ўсім свеце. Вось уявіце прэзідэнта на трыбуне сёння, і што ён можа сказаць: магчыма, а калі будзе так, то будзе так, а калі гэтак, дык будзе па-іншаму… Інакш не скажаш”, — пракаментаваў ён абставіны.
Фота прэс-службы кіраўніка Беларусі