Паслу Беларусі ў Літве ўручаная нота пратэсту
Міністэрства замежных спраў Літвы 24 жніўня ўручыла беларускаму паслу Валерыю Бараноўскаму ноту пратэсту ў сувязі з парушэннем літоўскай дзяржаўнай мяжы з боку Беларусі, паведамляе сайт знешнепалітычнага ведамства балтыйскай дзяржавы.
„Беларускі верталёт Мі-24 23 жніўня ў 18.50 перасек літоўскую дзяржаўную мяжу ў Мядзінінкаі. Нота змяшчае заклік да высвятлення абставінаў інцыдэнту і недапушчэння паўтору такіх парушэнняў”, — гаворыцца ў паведамленні МЗС Літвы.
Раніцай 24 жніўня прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі адрапартавала, што напярэдадні вечарам ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі „спынілі правакацыю” з боку Літвы.
„23 жніўня прыблізна ў 19.30 дзяжурнымі сіламі ВПС і войскаў СПА была спыненая правакацыя з боку Літоўскай Рэспублікі ў раёне населенага пункта Ваўкоўшчына Ашмянскага раёна. З сумежнай тэрыторыі быў запушчаны зонд з васьмі паветраных шароў з антыдзяржаўнай сімволікай”, — гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначаецца, „дзякуючы рашучым дзеянням экіпажаў верталётаў Мі-24” са складу дзяжурных сіл СПА „палёт паветраных шароў быў спынены без прымянення зброі”.
„Вайсковае ведамства падрыхтавала адпаведныя матэрыялы і накіравала іх у Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь для падрыхтоўкі ноты літоўскаму боку”, — адзначылі ў Мінабароны.
23 жніўня ў Літве прайшла акцыя салідарнасці з беларусамі „Шлях свабоды”, у якой узялі ўдзел амаль 50 тысяч чалавек. Яны сталі ў жывы ланцуг ад Вільні да мяжы з Беларуссю на працягу 32 км. У гэты ж дзень у 1989 годзе адбылася акцыя „Балтыйскі шлях” — людзі ўтварылі жывы ланцуг ад Вільні да Таліна: узяўшыся за рукі, сталі больш за мільён чалавек. Гэтая акцыя Літвы, Латвіі і Эстоніі была пратэстам супраць савецкай акупацыі трох балтыйскіх дзяржаў і заклікам аднавіць іх незалежнасць.
23 жніўня міністр абароны Віктар Хрэнін у відэазвароце заявіў, што пад бел-чырвона-белымі сцягамі „фашысты арганізоўвалі масавыя забойствы” ў Беларусі і армія бярэ пад абарону ад дэманстрантаў з гэтымі сцягамі мемарыялы Вялікай Айчыннай вайны.
Фота: Аргументы и факты