Паслы краін ЕЗ сустрэліся са сваякамі палітзняволеных



Паслы краін Еўразвяза 7 лютага сустрэліся ў Менску са сваякамі палітзняволеных і загінулых падчас пратэстаў беларусаў, паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Дзірк Шубель.

„Сёння ў Менску кіраўнікі дыпламатычных місій Еўрапейскага Звяза мелі гонар сустрэцца з блізкімі беларусаў, забітых толькі за тое, што яны мірна патрабавалі выканання сваіх асноўных правоў”, — напісаў дыпламат у „Фэйсбуку”.

Паводле яго інфармацыі, у сустрэчы ўзялі ўдзел сваякі некалькіх палітычных зняволеных.

„#Беларусьмывместе ў гэты Дзень салідарнасці і кожны дзень, пакуль усе палітычныя зняволеныя не выйдуць на свабоду і ўсе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці”, — напісаў Шубель.

У сустрэчы акрамя Шубеля ўзялі ўдзел паслы Аўстрыі, Германіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Фінляндыі, Францыі і Эстоніі.

Як паведамлялася, сёння прэзідэнт Еўрапейскага савета Шарль Мішэль ад імя ЕЗ запатрабаваў ад беларускіх уладаў вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

„Прайшло паўгода, а людзі Беларусі па-ранейшаму патрабуюць, каб іх галасы былі пачутыя. Мы працягваем падтрымліваць вас”, — адзначыў ён.

Кіраўнік Еўрапейскага савета падкрэсліў, што гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў павінна спыніцца.

„Толькі поўная прыхільнасць мірнаму дыялогу можа пакласці канец крызісу ў Беларусі”, — напісаў Мішэль у сваім „Твітэры”.

7 лютага з ініцыятывы экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у многіх еўрапейскіх краінах праходзіць Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Па ўсім свеце запланавана больш за 60 розных акцый салідарнасці. Мэта іх — падтрымаць палітвязняў, колькасць якіх у Беларусі дасягнула 228, а таксама ўсіх, хто зведаў рэпрэсіі. Удзельнікі акцый салідарнасці таксама патрабуюць спыніць суды і гвалт супраць беларусаў, якія выступаюць за перамены ў сваёй краіне.

belapan.by