Паслы Літвы і Польшчы пакінулі Беларусь
Паслы Літвы Андрус Пулокас і Польшчы Артур Міхальскі пакінулі Беларусь.
У пасольстве Літвы БелаПАН паведамілі, што Пулокас паехаў у Вільнюс для кансультацый 5 кастрычніка.
Дарадца пасольства Польшчы ў Беларусі Аркадыуш Клембек таксама пацвердзіў ад’езд кіраўніка польскай дыпмісіі. „Пасол паехаў яшчэ ўчора. Калі вернецца, пакуль невядома”, — сказаў ён.
Пасля рашэння Еўразвяза ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб афіцыйны Менск адклікаў сваіх паслоў у Вільнюсе і Варшаве „для кансультацый” і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах — адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб „прывесці да парытэту” штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах.
Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць. У адказ на гэта прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз папярэдзіў, што прапанова адклікаць паслоў і скараціць штат дыппрадстаўніцтваў абавязковая да выканання.
5 кастрычніка кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў аб адкліканні свайго пасла ў Беларусі для кансультацый. Услед за ім такую заяву зрабіў кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау.
Польскі міністр замежных спраў таксама паведаміў, што Еўразвяз адклікае з Менска для кансультацый частку паслоў. Ён выказаў падзяку партнёрам па ЕЗ за салідарнасць з Польшчай і Літвой. Рау падкрэсліў, што ўсе спробы абвінавачванняў якой-небудзь краіны ЕЗ атрымаюць дакладны і салідарны адказ.
Паводле інфармацыі БелаПАН, сёння плануе з’ехаць пасол Германіі Манфрэд Хутэрэр, які таксама адкліканы для кансультацый.