Паслы Вялікабрытаніі і Канады заклікалі беларускія ўлады стварыць бяспечныя ўмовы працы для незалежных СМІ



З заклікам да беларускіх уладаў стварыць бяспечныя ўмовы працы для незалежных СМІ выступілі ў сумесным відэазвароце пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін Перкінс і пасол Канады ў Польшчы і Беларусі па сумяшчальніцтве Лэслі Люіс Скэнлан.

„3 мая адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы, — нагадала Перкінс. — Свабодная прэса — фундамент дэмакратычнага грамадства, а свабода выказванняў — універсальнае права чалавека. На жаль, у некаторых частках свету свабода СМІ не з’яўляецца аксіёмай”.

Брытанскі дыпламат адзначыла, што летась „назіралася жорсткае падаўленне незалежных медыя ў Беларусі” ў спробе „заглушыць іх галасы і не даць ім гаварыць пра нязручныя факты”. „Журналістаў затрымліваюць і саджаюць у турмы, штрафуюць і стрымліваюць. Незалежныя медыя выціскаюць с медыярынку з дапамогай дыскрымінацыйных законаў і адміністрацыйных мер, якія абмяжоўваюць іх дзейнасць”, — канстатавала Перкінс.

Паводле яе слоў, сёлета Беларусь апусцілася яшчэ ніжэй у сусветным рэйтынгу свабоды слова World Press Freedom Index і прызнаная самай небяспечнай краінай Еўропы для супрацоўнікаў медыя.

У сваю чаргу Скэнлан заявіла, што беларускія ўлады „сістэматычна перапісваюць законы, каб пазбавіцца ад медыя, што ідуць супраць афіцыйных поглядаў”.

Канада і Вялікабрытанія знаходзяцца ў авангардзе абароны свабоды СМІ, менавіта таму ў 2019 годзе яны стварылі Кааліцыю па свабодзе медыя, а ў 2020-м — заснавалі прэмію для тых, хто садзейнічае свабодзе СМІ, — Canada-UK Media Freedom Award, заявіла пасол. Першым лаўрэатам прэміі стала Беларуская асацыяцыя журналістаў. „Наша агульная мэта — накіраваць высілкі міжнароднай супольнасці на карысць бяспекі журналістаў ва ўсім свеце”, — сказала канадскі дыпламат.

„Мы заклікаем урад Беларусі прытрымлівацца фундаментальных правоў чалавека і стварыць умовы, у якіх незалежныя СМІ змогуць працаваць у бяспецы і без запалохвання”, — заявіла Скэнлан.

БелаПАН