Паслядоўная польская палітыка адносна Беларусі
Паслядоўная польская палітыка адносна Беларусі. Яе дэкларуюць усе палітычныя сілы. Кажа кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.
Яго каментар прагучаў па выніках візіту Святланы Ціханоўскай у Варшаву. Тут яна ў межах Варшаўскага форуму ў справе бяспекі сустракалася з кіраўніком Польшчы, іншымі польскімі палітыкамі. Асобна праходзілі сустрэчы з амбасадарамі ЕЗ і прадстаўнікамі МЗС Польшчы. Напрыклад, ініцыятывы польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, паводле Алеся Зарэмбюка, можна акрэсліць як прабеларускія.
– Вельмі часта гэтая актыўнасць не на карысць унутранаму электарату прэзідэнта. Я тут маю на ўвазе і яго паездку ў Заляшаны, і тое, колькі часу ён прысвяціў беларускаму пытанню на форуме ААН. Усё ж не першая сустрэча са Святланай Ціханоўскай. Гэта, сапраўды, вельмі прынцыповая, паслядоўная палітыка польскага прэзідэнта, якую трэба шанаваць. Гэта вельмі добра для беларускага грамадства.
Еўрадэпутаты, якія прадстаўляюць Польшчу ў структурах Еўразвязу, таксама нясуць адназначны парадак дня – Еўропа павінна падтрымліваць беларускую дэмакратычную супольнасць і ціснуць на ўлады ў Менску, якія ўжываюць рэпрэсіі супраць уласных грамадзян.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя