Пасол Алейнік правёў перамовы ў Ватыкане



8—12 студзеня пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі і пры Святым прастоле (па сумяшчальніцтве) Сяргей Алейнік знаходзіцца ў Ватыкане, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

9 студзеня пасол Беларусі ўзяў удзел у штогадовай навагодняй аўдыенцыі папы рымскага Францыска для дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Святым прастоле. Алейнік правёў кароткую гутарку з першасвятаром і перадаў яму віншаванні з Нараджэннем Хрыстовым і навагоднімі святамі ад беларускага кіраўніцтва.

Падчас візіту беларускі дыпламат сустрэўся з дзяржаўным сакратаром Ватыкана кардыналам П’етра Паролінам. „Суразмоўцы абмеркавалі актуальныя пытанні беларуска-ватыканскіх адносін, станоўча ацанілі ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях і абмяняліся меркаваннямі пра сітуацыю ў рэгіёне”, — паведамляе МЗС.

Алейнік таксама правёў шэраг сустрэч з іншымі афіцыйнымі прадстаўнікамі Ватыкана.

Як паведамляў БелаПАН, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі 20 снежня 2019 года ў Мінску выказаў меркаванне, што падпісанне канкардату паміж афіцыйным Мінскам і Ватыканам магло б ліквідаваць шматлікія праблемы, з якімі сёння сутыкаецца каталіцкі касцёл у Беларусі. Пытанне аб падпісанні гэтага дакумента паміж Беларуссю і Святым прастолам падымаецца даўно, аднак, паводле слоў каталіцкага іерарха, да гэтага часу „нічога няма і няма ніякіх зрухаў”.

„Магчыма, не ўсё ў нас разумеюць, што такое канкардат, або пагадненне паміж Беларуссю і Ватыканам, — сказаў Кандрусевіч. — Беларусь — гэта суб’ект міжнароднага права. І Ватыкан таксама суб’ект міжнароднага права, а не толькі цэнтр каталіцызму, дзе знаходзіцца кіраўніцтва каталіцкага касцёла — папа, дыкастэрыі, кангрэгацыі, папскія рады і гэтак далей. Гэта таксама дзяржава, у якой ёсць усё тыя ж самыя атрыбуты, што і ў іншых дзяржаў. Такім чынам, канкардат — гэта дамова паміж двума суб’ектамі міжнароднага права. У нас вельмі часта спасылаюцца на пагадненне паміж праваслаўнай царквой і дзяржавай. Вельмі добра, што такое пагадненне існуе, таму што яно дае царкве значна больш магчымасцей дзейнічаць, але гэта не тое ж самае, што канкардат”.

belapan.by

Фота ©Yuriy Buriak