Пасол Беларусі абмеркаваў пытанні супрацоўніцтва з Ватыканам
Пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі і пры Святым прастоле па сумяшчальніцтве Сяргей Алейнік 10-13 студзеня ажыццявіў рабочую паездку ў Ватыкан.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, Алейнік узяў удзел у навагодняй аўдыенцыі папы рымскага Францыска для дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым прастоле, падчас якой адбылася кароткая размова пасла з пантыфікам. Беларускі дыпламат таксама правёў сустрэчы з дзяржсакратаром Святога прастола кардыналам П`етра Паралінам, сакратаром па адносінах з дзяржавамі Дзяржсакратарыята Ватыкана (міністрам замежных спраў) арцыбіскупам Полам Галахерам і старшынёй Папскага савета па культуры кардыналам Джанфранка Равазі.
„Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам, а таксама правядзенне двухбаковых мерапрыемстваў ў 2016 годзе”, – паведаміла прэс-служба.
Варта адзначыць, што апошнім часам у СМІ перыядычна з`яўлялася інфармацыя аб падрыхтоўцы візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан. Падставай для гэтага сталі словы П`етра Параліна, які ў сакавіку 2015 года, наведваючы Мінск, заявіў, што Ватыкан гатовы прыняць з візітам прэзідэнта Беларусі.
У кастрычніку намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына паведаміла журналістам, што візіт Лукашэнкі ў Ватыкан „пастаянна знаходзіцца на парадку дня”. „Гэты візіт, як і візіт папы рымскага ў Беларусь, пастаянна знаходзіцца на нашым парадку дня. Ён, вядома, адбудзецца, калі гэта прынясе значныя вынікі для беларускіх нацыянальных інтарэсаў”, – сказала Купчына, адзначыўшы, што дата візіту пакуль не вызначаная.