Пасол Беларусі ў РФ: Тэма расейскай ваеннай базы неактуальная
Тэма стварэння на тэрыторыі Беларусі расейскай ваеннай базы неактуальная, заявіў пасол Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка ў інтэрв’ю РИА Новости, апублікаваным 3 ліпеня.
„Тэма па расейскай базе сышла, і яна не актуалізавалася, — сказаў пасол, адказваючы на пытанне, як часта ўзнікаюць размовы па гэтым пытанні.
Каментуючы стаўленне Менска да ідэі Польшчы размясціць на сваёй тэрыторыі бранятанкавую дывізію ЗША, Петрышэнка адзначыў: „Гэта — права суверэннай дзяржавы. Калі Польшча бачыць, што яе бяспека за кошт гэтага ўзрасце, то яна павінна дзейнічаць з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў, але ў той жа час і з улікам прынятых міжнародных прававых абавязацельстваў”.
„Але калі ўлады нашай заходняй суседкі лічаць, што армія ЗША істотна дапаможа ёй у гэтым пытанні, то яны самастойна нясуць і адказнасць за гэтае рашэнне і перад сваімі грамадзянамі, і перад сусветнай грамадскасцю”, — дадаў дыпламат. „Дадзеная мера не нясе непасрэднай пагрозы для Беларусі, але, як любая ваенная актыўнасць у нашых межаў і павелічэнне колькасці вайсковых кантынгентаў, павышае ўзровень ваеннай небяспекі”, — сказаў ён.
„Безумоўна, мы ўлічваем гэты фактар і ў нацыянальным ваенным будаўніцтве, і ў ваенным супрацоўніцтве ў фарматах Саюзнай дзяржавы і АДКБ, — сказаў Петрышэнка. — Пры гэтым крокі, якія намі робяцца, не носяць экстраннага характару, яны маюць планавы фармат, ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі і ваеннай дактрынай краіны і, вядома ж, дагаворна-прававой базай супрацоўніцтва з Масквой у ваеннай сферы, якая мае выключна абарончую накіраванасць”.
„Беларусь старанна аналізуе сітуацыю, і я думаю, тыя адэкватныя меры, якія неабходна прымаць, яны будуць прымацца спецыялістамі”, — сказаў кіраўнік беларускай дыпмісіі ў Маскве.