Пасол ЕЗ Шубель застаецца ў Менску
Еўразвяз салідарны з Польшчай і Літвой і цалкам паважае іх рашэнне адклікаць сваіх паслоў з Менска для кансультацый, заявілі БелаПАН у прадстаўніцтве ЕЗ, каментуючы сітуацыю з адкліканнем паслоў.
На пытанне, ці плануе Брусель адклікаць для кансультацый пасла ЕЗ Дзірка Шубеля, у прадстаўніцтве адказалі: „Мы працягнем уважліва сачыць за сітуацыяй і адпаведным чынам рэагаваць. На дадзены момант кіраўнік дэлегацыі ЕЗ застаецца ў Менску, каб каналы сувязі заставаліся адкрытымі”.
Там таксама нагадалі, што вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль у сваёй заяве 4 кастрычніка назваў „неабгрунтаваным і годным шкадавання” патрабаванне беларускіх уладаў аб тым, каб Польшча і Літва адклікалі сваіх паслоў і значна скарацілі свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Менску.
„Гэтыя патрабаванні супярэчаць логіцы гэтак відавочна неабходнага дыялогу і толькі яшчэ больш ізалююць улады ў Менску, — падкрэслілі ў прадстаўніцтве. — Мы цвёрда перакананыя ў тым, што важна падтрымліваць каналы сувязі адкрытымі. Нашы дыпламатычныя прадстаўніцтвы іграюць у гэтым важную ролю”.
Пры гэтым „спробы беларускіх уладаў зрабіць мішэнню асобныя краіны ЕЗ не змогуць разбурыць наша адзінства”, адзначылі ў прадстаўніцтве ЕЗ.
Пасля рашэння Еўразвяза ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб афіцыйны Менск адклікаў сваіх паслоў у Вільнюсе і Варшаве „для кансультацый” і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах — адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб „прывесці да парытэту” штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах.
Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць. У адказ на гэта прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз папярэдзіў, што прапанова адклікаць паслоў і скараціць штат дыппрадстаўніцтваў абавязковая да выканання.
5 кастрычніка кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў аб адкліканні свайго пасла ў Беларусі для кансультацый. Следам за ім такую заяву зрабіў кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау.
Польскі міністр замежных спраў таксама паведаміў, што Еўрасаюз адклікае з Менска для кансультацый частку паслоў. Ён выказаў падзяку партнёрам па ЕЗ за салідарнасць з Польшчай і Літвой. Рау падкрэсліў, што ўсе спробы абвінавачванняў якой-небудзь краіны ЕЗ атрымаюць дакладны і салідарны адказ.
Паводле інфармацыі БелаПАН, сёння плануе з’ехаць пасол Германіі Манфрэд Хутэрэр, які таксама адкліканы для кансультацый.