Пасол ЕЗ заявіў пра неабходнасць вызвалення ўсіх палітвязняў



Стан і перспектывы адносін паміж Еўразвязам і Беларуссю абмеркаваны 18 студзеня на сустрэчы кіраўніка прадстаўніцтва ЕЗ у Менску і намесніка міністра замежных спраў Сяргея Алейніка.

„Падчас абмеркавання цяперашняга стану і перспектыў адносін і супрацоўніцтва паміж ЕЗ і Беларуссю са спасылкай на высновы па Беларусі, прынятыя Саветам Еўрапейскага звяза 12 кастрычніка 2020 года, пасол Дзірк Шубель падкрэсліў неабходнасць вызвалення ўсіх адвольна затрыманых у Беларусі асоб, уключаючы палітычных зняволеных і работнікаў СМІ”, — паведамляе прэс-служба прадстаўніцтва ЕС.

Шубель паўтарыў просьбу даць дыпламатам ЕС доступ ва ўстаноў пазбаўлення волі, у тым ліку каб наведаць блогера Ігара Лосіка, які заключаны пад варту 25 чэрвеня 2020 года і галадае ў знак пратэсту апошнія 34 дні.

У сваю чаргу прэс-служба МЗС у паведамленні аб сустрэчы адзначыла, што былі абмеркаваны стан і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС. „Беларускім бокам быў адзначаны неканструктыўны характар уведзеных Еўрапейскім саюзам абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе фізічных і юрыдычных асоб. Падкрэслена зацікаўленасць у развіцці ўзаемадзеяння з ЕС на прынцыпах узаемнай павагі і добрасуседства”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 187 чалавек. Сёння такімі былі прызнаныя журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна, затрыманыя 12 студзеня як падазраваныя па справе, распачатай па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

belapan.by

Фота: Тут.бай