Пасол Літвы адмовіўся наведаць пляцоўку Беларускай АЭС



Пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус адмовіўся ад запрашэння Міністэрства энергетыкі Беларусі наведаць будаўнічую пляцоўку Беларускай атамнай станцыі, каб асабіста пераканацца ў бяспечным правядзенні работ, паведамляе charter97 са спасылкай на агенцтва BNS.

Эвалдас Ігнатавічус

Эвалдас Ігнатавічус (Фота svaboda.org)

Дыпламат заявіў, што бяспеку павінны ацэньваць эксперты. „Я адмовіўся ад прапановы, бо, па-мойму, гэтым павінны займацца эксперты”, — паведаміў Ігнатавічус.

Ён падкрэсліў, што ажыццяўленне патрабаванняў па ядзернай бяспецы павінна праводзіць міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі МАГАТЭ.

Нагадаем, 5 мая Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту з-за „магчымага інцыдэнту на размешчанай за 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі”. „Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі прымаць меры, а сёння ў міністэрства быў выкліканы пасол Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваннем растлумачэнняў гэтага інцыдэнту або аварыі, аб іншых магчымых здарэннях, якія былі да гэтага, бо пра гэта пішуць беларускія СМІ”, — заявіў журналістам у Вільнюсе міністр замежных спраў краіны Лінас Лінкявічус.

3 мая літоўскае знешнепалітычнае ведамства выступіла з заявай, у якой заклікала Беларусь „як мага хутчэй выканаць патрабаванні МАГАТЭ па ядзернай бяспецы”.

Афіцыйныя Вільня неаднаразова падкрэсліваў, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункта гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыя Эспа), якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння аб’ектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.

Беларуская АЭС узводзіцца ў Гарадзенскай вобласці, прыкладна за 20 км ад Астраўца, паводле праекта расійскай кампаніі „Атамстройэкспарт”. Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ „НІАЭП” — ЗАТ „АСЭ”. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны да 2018 года, другога — да ліпеня 2020-га.

belapan.by