Пасол Расеі сумняецца ва ўдзеле Лукашэнкі ў выбарах (абноўлена)



Пасол Расеі жадае перамогі на выбарах Лукашэнку, але сумняецца, што ён на іх пойдзе.

Пра гэта Аляксандр Сурыкаў заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску, падкрэсліўшы, што ягоныя словы трэба разглядаць як словы простага грамадзяніна Расейскай Федэрацыі, а не дыпламата:

– Як грамадзянін Расейскай Федэрацыі ўсё ж такі перамогі жадаю Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, не агітую на выбары. Чаму? Бо ад гэтага залежыць, дастаткова сур’ёзны час, адсутнасць турбулентнасці ў краіне, у гэтым бяда. Я не ўбачыў, я шмат сустракаюся з разнастайнымі, у тым ліку і з апазіцыйнымі – праграмы няма, аб’яднацца не могуць. Несур’ёзна ж, навошта гэта?

Разам з тым, падкрэсліў Аляксандр Сурыкаў, галоўнай персонай для Расеі ў Беларусі быў і застаецца беларускі народ. Чаму сумняецца ў тым, што Лукашэнка пойдзе на выбары, Сурыкаў не патлумачыў, сказаўшы толькі тое, што дзейсны кіраўнік беларускай дзяржавы пра свае намеры пакуль нічога не казаў.

Таксама кіраўнік расейскай дыпламатычнай місіі ў Беларусі заявіў, што непаразуменняў па ўкраінскім пытанні паміж Расеяй і Беларуссю няма:

– Пра адно магу сказаць, што мы ўдзячны Беларусі за яе пазіцыю па Украіне, у частцы прадстаўлення пляцоўкі для кантактнай групы, якая вядзе перамовы аб спыненні агню і развядзенні бакоў. У нас непаразуменняў асобых няма. Мы за суверэннасць і цэльнасць Украіны і Беларусь за тое ж самае.

Ёсць тактычныя разнагалоссі, сказаў Аляксандр Сурыкаў. Напрыклад, у адсутнасці рэакцыі Беларусі на тое, што Украіна далучылася да заходніх санкцый супраць Масквы. Але гэта, паводле Сурыкава, Маскве зразумела.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск