Пасол РФ Бабіч: Аўтакефалія – трагедыя для праваслаўнага свету
„Усё, што зараз адбываецца ў брацкай Украіне ў сувязі з даваннем аўтакефаліі царкве, — гэта вялікая трагедыя для ўсяго праваслаўнага свету, праваслаўных вернікаў і Рускай праваслаўнай царквы”, — заявіў пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч 7 студзеня падчас наведвання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.
„Спроба ўнесці раскол ідзе не толькі па лініі ўкраінскіх вернікаў, але гэта і ў цэлым спроба расколу Рускай праваслаўнай царквы. Самае страшнае, што адбываецца спроба пад прыкрыццём раскольніцкіх дзеянняў падзяліць людзей паводле палітычнай прыкметы”, — цытуе Бабіча прэс-служба дыппрадстаўніцтва.
„Сітуацыя, якая складваецца вакол украінскіх вернікаў, павінна атрымаць самую сур’ёзную ацэнку, — сказаў Бабіч. — Мы павінны рабіць усё для таго, каб гэты раскол не адбыўся. Нашым праваслаўным украінскім братам трэба дапамагчы не дапусціць самых негатыўных палітычных наступстваў, якія могуць выцякаць з прынятых рашэнняў. Працэс рукатворны, і мы бачым, што ён штучны. Для гэтага выкарыстоўваецца велізарны адміністрацыйны рэсурс. Гэта спроба палітычных маніпуляцый і спроба ўнесці раскол у праваслаўны свет”.
Пасол лічыць, што „ўсе гэтыя дзеянні выяўляюць пазіцыю кіеўскіх уладаў, але не ўкраінскага народа”. „Мы гэтыя рэчы для сябе вельмі выразна падзяляем. Дзеянні па раздзяленні вернікаў праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату і тых, хто падтрымлівае аўтакефалію, выражаюць інтарэсы вузкай групы людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе. Гісторыя яшчэ дасць ім сваю ацэнку”, — заявіў Бабіч.
5 студзеня сусветны патрыярх Варфаламей падпісаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Украіны.
У той жа дзень мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал, патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у інтэрв’ю тэлеканалу СТВ заявіў, што „спроба навязаць аўтакефалію” — гэта „аддаванне Беларускай праваслаўнай царквы на знішчэнне”. „Дзякуй Богу, што сёння епіскапат Беларускай царквы і святары і практычна ўсе вернікі пра гэта не думаюць. Хіба нам дрэнна сёння? Дзякуй Богу, і кіраўнік дзяржавы, і ўрад сёння робяць усё магчымае, каб жылі людзі ў Беларусі ў міры і ў згодзе. Навошта падзел? Каму гэта трэба? Гэта важнае пытанне: каму гэта трэба? Таму, хто хоча падзелу, таму, хто хоча варожасці і нянавісці. Таму будзем спадзявацца, што гэтага ў Беларусі не здарыцца”, — сказаў кіраўнік БПЦ.
Святы сінод Рускай праваслаўнай царквы на пасяджэнні 15 кастрычніка 2018 года ў Мінску прыняў рашэнне цалкам разарваць еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам у сувязі з даваннем аўтакефаліі ўкраінскай праваслаўнай царкве.