Пасол РФ Бабіч: Ідзе інвентарызацыя палажэнняў Саюзнай дзяржавы
Расейская частка міжурадавай рабочай групы па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы ўжо пачала працаваць, паведаміў пасол РФ Міхаіл Бабіч падчас наведвання Гомеля 23 студзеня.
„Цяпер ідзе поўная інвентарызацыя ўсіх палажэнняў Саюзнай дзяржавы па эканамічных, сацыяльных, адміністрацыйных пытаннях, органах дзяржаўнага кіравання, бяспекі, — заявіў Бабіч. — Усе аспекты дагавора 1999 года цяпер разглядаюцца адпаведнымі органамі ўлады. Гэта праца ідзе, і, як толькі прапановы будуць зведзены, расійскі бок прапануе іх беларускім партнёрам паглядзець і даць свае прапановы і заўвагі. Разлічваем, што беларускі бок робіць тое ж самае, люстрана”.
У рамках візіту Бабіч сустрэўся з кіраўніцтвам Гомельскай вобласці, пабываў у Расейскім цэнтры навукі і культуры, праваслаўнай епархіі і на шэрагу прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку на „Гомсельмашы”.
Дамоўленасць аб стварэнні рабочай групы па вырашэнні праблемных пытанняў стала вынікам перамоў у канцы снежня ў Маскве прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і яго беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі. З расійскага боку групу ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, з беларускага — міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.