Пасол РФ: Бяспека Беларусі застрахаваная расейскім ядзерным парасонам



Расейскі бюджэт нясе „гіганцкія выдаткі” на забеспячэнне сумеснай з Беларуссю абароннай палітыкі, заявіў пасол Расеі Міхаіл Бабіч 17 студзеня ў інтэрв’ю тэлеканалу „Россия 24”.

„Калі так можна выказацца, бяспека Рэспублікі Беларусь застрахаваная Узброенымі сіламі Расейскай Федэрацыі і ядзерным парасонам, які існуе ў Расеі. І гэта таксама гіганцкія выдаткі расійскага бюджэту, якія мы нясем на сумесную абаронную бяспеку, хоць у нас ёсць сумесная рэгіянальная групоўка войскаў і сіл”, — сказаў дыпламат.

Паводле слоў Бабіча, галоўнае адрозненне Саюзнай дзяржавы ад Еўразійскага эканамічнага саюза, у які Расея і Беларусь таксама ўваходзяць, заключаецца ў тым, што ЕАЭС — гэта саюз эканамічны. „А Саюзная дзяржава — гэта саюз палітыка-эканамічны. Гэта саюз двух братэрскіх славянскіх народаў з супольнай культурай, з агульнымі традыцыямі, з агульнымі гісторыямі, з агульнай мовай”, — заявіў пасол.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што статус рускай мовы як дзяржаўнай у Беларусі ў Расеі цэняць і „па-асабліваму трапятліва да гэтага ставяцца”.

„Мы лічым, што фармат Саюзнай дзяржавы найбольш адпавядае чаканням нашых народаў для іх далейшага развіцця”, — падкрэсліў расейскі пасол.

belapan.by