Пасол РФ: Фармат падтрымкі Беларусі па газавых пытаннях будзе знойдзены
Фармат падтрымкі Беларусі будзе знойдзены і публічна пазначаны найбліжэйшым часам, заявіў журналістам 17 снежня пасол Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, каментуючы перамовы па цэнах на газ.
Беларусь і Расея працягваюць перамовы па нафтагазавых пытаннях. Беларускі бок раней запрасіў зніжэнне цэн на газ да расейскага ўзроўню.
„Запыт беларускага боку вельмі важны для расейскага боку і самым уважлівым чынам будзе разгледжаны. Перакананы ў тым, што ўзаемапрымальны фармат падтрымкі беларускіх калег будзе найбліжэйшым часам знойдзены і публічна пазначаны”, — сказаў Мезенцаў.
Ён таксама звярнуў увагу, што ўрады дзвюх краін вядуць працу над дарожнымі картамі, якія „датычацца ўсіх сфер эканамічнага супрацоўніцтва”.
„У рамках дарожных карт прагаворваюцца сумесныя адзіныя падыходы па льгатаванні паставак прадукцыі на знешнія рынкі, пастаўкі тэхнікі і абсталявання адзін аднаму”, — паведаміў Мезенцаў.
Адказваючы на пытанні БелаПАН, ён адзначыў, што беларускія і расейскія прамысловыя прадпрыемствы атрымаюць ільготны рэжым функцыянавання па меры рэалізацыі дарожных карт. „Пазіцыя адзіная: льготны рэжым па меры рэалізацыі, падкрэсліваю, усяго пакета дарожных карт павінен быць аднолькавым як для беларускіх, так і для расейскіх вытворцаў. Вельмі важна адзначыць пакетны падыход”, — сказаў пасол.
Пасол РФ канстатаваў, што праца вядзецца над 31 дарожнай картай. „Адна карта ці дзесяць карт не вырываюцца з усяго пакета прапаноў. Гэта ўзаемаабумоўленыя падыходы, у тым ліку і на аснове ўніфікацыі нацыянальнага заканадаўства Беларусі і Расеі. Без збліжэння падыходаў немагчыма гаварыць пра льготны рэжым”, — падкрэсліў Мезенцаў.
Адказваючы на пытанне аб тым, калі можа быць падпісаная праграма па паглыбленні эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі (у рамках якой падрыхтаваныя дарожныя карты), пасол нагадаў, што дакумент быў парафіраваны кіраўнікамі ўрадаў ў верасні.
„Гэта базавы, стартавы дакумент, які ляжыць у аснове інтэграцыйнай работы. І пэўная спаборнасць — падпішам мы на гэтым ці на наступным тыдні, напэўна, важная. Але вельмі важна ў барацьбе за выйгрыш тыдня або дзён не прапусціць змястоўныя моманты”, — рэзюмаваў Мезенцаў.
belapan.by