Пасол РФ Мезенцаў: Затрыманыя ў Беларусі расейцы рухаліся транзітам



Затрыманыя ў Беларусі расейцы рухаліся транзітам у трэцюю краіну і мелі працоўны дагавор з зарэгістраванай у рэспубліцы камерцыйнай кампаніяй, заявіў пасол Расеі ў Менску Дзмітрый Мезенцаў.

„Трактоўка шэрагам сродкаў масавай інфармацыі факта затрымання расейскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі як спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы рэспублікі — не мае пад сабой ніякіх падстаў, але толькі дапамагае ворагам Саюзнай дзяржавы ўносіць разлад у брацкія адносіны нашых краін. Расійскія грамадзяне не датычныя да падзей, звязаных з грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі”, — адзначаецца ў каментары Мезенцава, размешчаным 30 ліпеня на сайце расійскага пасольства.

Паводле яго слоў, расейцы былі вымушаныя размясціцца ў санаторыі „Беларусачка” пад Менскам у сувязі з тым, што спазніліся на рэйс з нацыянальнага аэрапорта Менск, накіроўваючыся транзітам у трэцюю краіну. „Яны мелі намер вылецець з Мінска 25 ліпеня і не меркавалі знаходзіцца ў рэспубліцы працяглы час, а значна пазней планавалі вярнуцца ў расійскую сталіцу з іншай дзяржавы таксама самалётам, абмінаючы тэрыторыю Беларусі. Падставай для іх прыезду ў краіну з`явіўся заключаны кантракт з адной з камерцыйных фірмаў, якая зарэгістраваная тут, у Беларусі, а кожны з расіян, якія прыехалі, меў з гэтым прадпрыемствам заключаны працоўны дагавор”, — сказаў пасол.

У заяве адзначаецца, што, „паводле інфармацыі, якую яшчэ трэба ўдакладніць, расіяне могуць з`яўляцца супрацоўнікамі прыватнага ахоўнага прадпрыемства, якое — у межах выканання абавязацельстваў па камерцыйным кантракце — закліканае забяспечваць ахову энергетычнай інфраструктуры і рэсурсаў за мяжой — зусім не ў Беларусі”.

„30 ліпеня падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў У.У.Макеем я падкрэсліў, што пасольства абавязанае і забяспечыць абарону правоў расійскіх грамадзян, часова затрыманых праваахоўнымі органамі. Доступ консульскіх супрацоўнікаў да нашых грамадзян павінен быць аператыўна забяспечаны. Намі ўжо накіраваная адпаведная нота на адрас знешнепалітычнага ведамства рэспублікі, — сказаў Мезенцаў. — Чакаем ад кампетэнтных органаў Рэспублікі Беларусь доказнай інфармацыі, якая пацвярджае абгрунтаванасць праведзенага затрымання расійскіх грамадзян і выстаўленых ім абвінавачанняў па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ, як і распачынання крымінальнай справы, пра якую абвешчана 30 ліпеня”.

У пасольстве Расіі разлічваюць, што журналісты ўстрымаюцца ад выкладання ўзніклых абставінаў у той форме, якая „можа нанесці шкоду саюзніцкім адносінам нашых краін, таксама выключаць выкарыстанне неправераных фактаў, як і не дапусцяць у далейшым абвінаваўчага тону ў асвятленні сітуацыі, якая склалася”.

„Неабходна разумець, што маштаб, гістарычная значнасць двухбаковых адносін, сумесная нацэленасць на пашырэнне супрацоўніцтва па многіх і многіх напрамках, важнасць саюзнай дамовы — гэта непераходныя каштоўнасці для нашых брацкіх народаў, і ставіць гэта пад сумнеў недапушчальна, тым больш спасылаючыся на ўзніклы эпізод, які патрабуе пры гэтым сумеснага дбайнага аналізу і праверкі”, — дадаў пасол.

Акрамя таго, адзначыў Мезенцаў, „нашэнне камуфляжнай формы, як і нежаданне падтрымаць хлебасольныя славянскія традыцыі, негатоўнасць падняць добрую чарку за сяброў — у перыяд знаходжання ў любым санаторыі Беларусі — не бачацца падставай для такой пільнай увагі СМІ, як і асновай для дзеянняў праваахоўных органаў без пераканаўчых і важкіх на тое падстаў”.

Як паведамлялася, раней 30 ліпеня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расійскі бок пакуль не валодае ўсёй паўнатой інфармацыі ў сувязі з затрыманнем расіян у Беларусі і разлічвае на высвятленне гэтай сітуацыі. „Сёння наш паслол мае зносіны з МЗС і з калегамі ў Мінску, — сказаў ён. — Разлічваем, што ў выніку гэтых зносін, а таксама па каналах зносін паміж спецыяльнымі службамі мы атрымаем вычарпальную інфармацыю аб тым, што адбылося”.

Паводле слоў Пяскова, у Крамлі таксама разлічваюць, што „ўсе правы затрыманых расійскіх грамадзян будуць выконвацца ў поўнай ступені”.

Раніцай 30 ліпеня ў Міністэрства замежных спраў Беларусі былі па чарзе запрошаныя пасол РФ Дзмітрый Мезенцаў і дарадца-пасланнік, выканаўца абавязкаў кіраўніка пасольства Украіны ў Беларусі Пётр Урублеўскі.

Пра затрыманне ў ноч на 29 ліпеня пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) паведаміла напярэдадні дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. Пазней з`явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра т. зв. расійскую ПВК Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны затрыманы яшчэ адзін чалавек.

30 ліпеня дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў журналістам, што па факце затрымання расійскіх баевікоў пад Мінскам распачатая крымінальная справа аб падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. „33 баевікі затрыманыя, да двухсот — недзе знаходзяцца на тэрыторыі [Беларусі], паводле аператыўнай інфармацыі. Ідуць пошукі. Гэта як іголка ў стозе сена”, — сказаў Раўкоў.

24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з калектывам 5-й асобнай брыгады спецназу ў Мар`інай Горцы заявіў, што „ўсякія войны зараз пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый, потым — майданы”. „На майдан, калі сваіх няма (у нас няшмат „майданутых”), іх падцягнуць з боку. Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК ва ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах”, — сказаў ён.

belapan.by

Фота: sputnik.by