Пасол Рыбак уручыў даверчыя граматы прэзідэнту Турцыі Эрдагану
Пасол Беларусі ў Турэцкай Рэспубліцы Віктар Рыбак 10 снежня ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Турцыі Рэджэпу Таіпу Эрдагану, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
Пасля цырымоніі ўручэння грамат Рыбак і Эрдаган абмеркавалі пытанні рэалізацыі беларуска-турэцкіх дамоўленасцей, дасягнутых на перамовах на вышэйшым узроўні падчас афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю ў красавіку 2019 года. „Падчас размовы быў пацверджаны высокі ўзровень двухбаковых палітычных адносін і ўзаемаразумення паміж лідарамі Беларусі і Турцыі”, — адзначылі ў МЗС.
У кантэксце дамоўленасцей на вышэйшым узроўні суразмоўцы падкрэслілі важнасць далейшага нарошчвання ўзаемнага гандлю і неабходнасць прыняцця канкрэтных практычных крокаў па дасягненні балансу ў двухбаковых гандлёвых адносінах. У сувязі з гэтым былі разгледжаныя перспектыўныя праекты гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
У заключэнне гутаркі Рыбак праінфармаваў прэзідэнта Турцыі аб хуткім візіце кіраўніка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў Анкару для перадачы ў дар Прэзідэнцкай бібліятэцы Турцыі рэдкіх выданняў беларускіх кніг у рамках праекта „Беларусь сёння”.
11 снежня падчас афіцыйнага ўваходжання на пасаду пасол Беларусі ўзяў удзел ва ўскладанні вянка да склепа Мустафы Кемаля Атацюрка ў маўзалеі „Аныткабір” у Анкары. Пасля цырымоніі кіраўнік беларускай дыпламатычнай місіі пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей маўзалея і наведаў музей Атацюрка і музей Вайны за незалежнасць.
belapan.by
Фота: Амбасады Беларусі ў Турцыі