Пасол Семаніс: Латвія гатовая спрыяць дыялогу Беларусі і Еўразвязам
Латвія гатовая спрыяць развіццю дыялогу Беларусі і Еўразвязам, заявіў пасол гэтай краіны ў Менску Эйнарс Семаніс на сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам 1 лістапада.
„Вы ведаеце нашу пазіцыю, і я пацвярджаю: Латвія сапраўды зацікаўленая ў развіцці адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам. Мы гатовыя працаваць над тым, каб яны паглыбляліся”, — цытуе дыпламата прэс-служба Савета Рэспублікі.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні двухбаковага супрацоўніцтва. Асаблівую ўвагу яе ўдзельнікі надалі развіццю міжпарламенцкіх сувязяў. „Актыўна працуюць нашы групы сяброўства, гэта дае вынікі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб прамых кантактаў паміж нашымі краінамі было больш”, — заявіў Мясніковіч.
Паводле яго слоў, у Беларусі і Латвіі добрыя магчымасці для развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва, стварэння сумесных кампаній. Адным з перспектыўных напрамкаў партнёрства можа стаць мэблевая вытворчасць. „Гэта могуць быць праекты па вытворчасці ў Беларусі корпуснай мэблі, у тым ліку сумесна са скандынаўскім бізнесам, з якім вы працуеце”, — прапанаваў кіраўнік верхняй палаты.
У сваю чаргу пасол адзначыў, што супрацоўніцтва Беларусі і Латвіі грунтуецца на даверы і прынцыпах добрасуседства. „Нашы краіны развіваюць палітычны дыялог, пашыраюцца міжпарламенцкія сувязі — гэта тыя вынікі, якія трэба памнажаць”, — сказаў Семаніс.
Актывізацыі двухбаковых адносін „будзе спрыяць візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію, які зараз прапрацоўваецца”, падкрэсліваецца ў паведамленні.
Падчас перамоў пасол акрэсліў прыярытэтныя для Латвіі напрамкі супрацоўніцтва з Беларуссю: транспарт і лагістыка, сельская гаспадарка, дрэваапрацоўка, электронны біржавы гандаль, IT-тэхналогіі і іншыя. У прыватнасці абмеркаваныя магчымасці ўзаемадзеяння дзвюх краін у межах глабальнай ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях”, пытанні мадэрнізацыі прымежнай інфраструктуры. Латвія зацікаўленая ў прыцягненні грузапатокаў чыгуначным транспартам з Кітая транзітам цераз Беларусь. „У сувязі з гэтым для нас уяўляе вялікую цікавасць беларуска-кітайскі індустрыяльны парк „Вялікі камень”, — падкрэсліў дыпламат.
У межах сустрэчы таксама разгледжаныя ход падрыхтоўкі чэмпіянату свету па хакеі, які Беларусь і Латвія прымуць у 2021 годзе, пытанні супрацоўніцтва ВНУ і акадэмічнай супольнасці, развіцця маладзёжных сувязей.
У 2018 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 582,7 млн долараў, што на 32,9% больш у параўнанні з 2017 годам. Беларускі экспарт за гэты перыяд вырас на 38,8% (485,6 млн долараў), імпарт склаў 97,1 млн долараў (109,7%). Сальда было дадатнае для Беларусі ў 388,5 млн долараў.
У 2018 годзе ў эканоміку Беларусі было прыцягнута інвестыцый з Латвіі на 107,5 млн долараў, у тым ліку прамых — на 82,1 млн долараў. У Беларусі працуюць 585 прадпрыемстваў з латвійскім капіталам.
belapan.by