Пасол Швейцарыі сустрэўся ў турме з Наталляй Хершэ
Пасол Швейцарыі ў Менску Клод Альтэрмат 5 студзеня сустрэўся ў турме з грамадзянкай сваёй краіны, ураджэнкай Беларусі Наталляй Хершэ, якая адбывае пакаранне згодна з прыгаворам суда, што прызнаў яе вінаватай у выкарыстанні гвалту да супрацоўніка міліцыі.
„Візіт да нашай суайчынніцы Наталлі Хершэ ў мінскай турме: перад праваслаўным Раством узаемны абмен віншаваннямі з 2021 годам. З улікам умоў у нашай грамадзянкі па-ранейшаму ўсё добра. Наталля дзякуе ўсім за падтрымку і ўвагу да яе”, — напісаў дыпламат на сваёй старонцы ў „Твітэры”.
6 студзеня Альтэрмат сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам. Згодна з паведамленнем прэс-службы знешнепалітычнага ведамства, абмеркаваны „стан і перспектывы далейшага развіцця беларуска-швейцарскага супрацоўніцтва, пацверджаная ўзаемная зацікаўленасць у працягу канструктыўнага дыялогу”. Ці абмяркоўвалася сітуацыя вакол Наталлі Хершэ, невядома. Швейцарскі бок пра перамовы пакуль нічога не паведамляе.
Суд Савецкага раёна Менска 7 снежня прызнаў Хершэ вінаватай у супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 КК). Паводле прысуду, 19 верасня падчас несанкцыянаванай акцыі (жаночага маршу) ля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка, „падрапала яму твар, прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджанні”. Яна павінна выплаціць супрацоўніку МУС 1.000 рублёў. Жанчына віну не прызнала.
Сітуацыю з Наталляй Хершэ 22 снежня абмеркавалі па тэлефоне міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і яго швейцарскі калега Іньяцыа Касіс. Пасля перамоў Касіс напісаў на сваёй старонцы ў „Твітэры”: „Чарговы абмен думкамі з міністрам замежных спраў Беларусі Макеем. Гвалт з боку сіл бяспекі недапушчальны. Наталля Хершэ карыстаецца консульскай абаронай: пасольства Швейцарыі ў Беларусі мае прамы доступ [да яе] і сочыць за судовай справай. Наша суайчынніца павінна быць вызваленая”.
Беларускія праваабаронцы прызналі Хершэ палітзняволенай.