Пасол Швецыі: Мы цяпер усе працуем у цалкам новых умовах
Пасольства Швецыі ў Беларусі прыдумала, як зрабіць жыццё беларускіх дзяцей у самаізаляцыі цікавей. Стартаваў анлайн-праект “Шведскія казкі беларускім дзеткам”. Распачала праект Пасол Швецыі Крысціна Юханесан чытаннем кнігі Юі Вісландэр „Мама Му чытае” ў перакладзе на беларускую мову. Радыё Рацыя паразмаўляла са спадарыняй Паслом Крысцінай Юханесан пра новую ініцыятыву, працу Пасольства ва ўмовах пандэміі і пра меры Швецыі для барацьбы з каронавірусам.
Пасол Швецыі ў Менску Крысціна Юханесан чытае казку Юі Вісландэр і Свэна Нурдквіста „Мама Му чытае” па-беларуску ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч.
Радыё Рацыя: Самая яркая дзіцячая літаратура на беларускай мове – гэта, відаць, перакладная літаратура са шведскай. Усе бацькі, якія выхоўваюць сваіх дзяцей па-беларуску, маюць дома як мінімум адну, а тое і болей кніг пра Фіндуса і Пэтсана ці пра Маму Му. Чаму Вы вырашылі і надалей папулярызаваць шведскую літаратуру ў перакладзе на беларускую мову толькі цяпер у анлайн-праекце “Шведскія казкі беларускім дзеткам”?
Пасол Швецыі Крысціна Юханесан:
– Дзякуй вялікі за добрыя словы на адрас шведскай дзіцячай літаратуры і на адрас нашага праекту. Мы цяпер усе працуем у цалкам новых умовах. Напрыклад, нашае Пасольства цяпер працуе практычна заўсёды з дому. Мы ведаем, што многія беларускія бацькі спрабуюць захоўваць умовы самаізаляцыі. Мы вырашылі, што паколькі мы цяпер адмяняем вельмі шмат цікавых праектаў, то нам трэба прыдумаць штосьці новае. І таму мы вырашылі паспрабаваць прыйсці дадому да сем’яў з Беларусі, да бацькоў, да дзяцей. І, можа быць, такім чынам дапаможам ім праводзіць час разам.
РР: Вы распачалі праект “Шведскія казкі беларускім дзеткам” з асабістага чытання казкі па-беларуску. Гэта твор Юі Вісландэр „Мама Му чытае” ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч. Наколькі складана Вам было чытаць па-беларуску? Увогуле ці ўзнікаюць цяжкасці з беларускай мовай, паколькі яна падобная на рускую. А я ведаю, што Вы выдатна валодаеце рускай мовай.
Крысціна Юханесан: Мая бяда ў тым, што руская і беларуская мова – падобныя мовы, а, з іншага боку, – не. І я вельмі стараюся: я бяру ўрокі беларускай мовы. Вельмі хочацца добра размаўляць на беларускай мове. Цяпер я ўжо ўсё разумею. Але размаўляць я яшчэ трошкі саромеюся. Але я буду намагацца.
РР: А як часта ў Вас урокі беларускай мовы адбываюцца?
Крысціна Юханесан: Урокі беларускай мовы ў мяне ўсяго раз на тыдзень. Але цяпер праз умовы самаізаляцыі яны, на жаль, адмяніліся. Але я спадзяюся, што мы хутка зможам іх аднавіць. І цяпер я намагаюся займацца дома.
РР: Шведскае Пасольства было найбольш актыўным у Беларусі. Вы аб’едзілі амаль усю краіну з прэзентацыяй шведскай дзіцячай літаратурай. Вельмі шмат майстар-класаў адбылося. Як змянілася праца пасольства ва ўмовах пандэміі?
Крысціна Юханесан: Мы цяпер падзялілі ўвесь персанал на дзве групы, якія паміж сабой не перасякаюцца. Я сёння, напрыклад, з дому працую, таму што другая каманда знаходзіцца ў офісе. То бок адна каманда працуе ў офісе два дні. Потым дома два дні. Канешне, вельмі шкада, што адмянілі ўсе нашыя мерапрыемствы, усе праекты. Але па-іншаму цяпер ніяк. Намагаемся захоўваць дыстанцыю, каб усе былі здаровыя.
РР: Неўзабаве мусілі быць Дні культуры Швецыі ў Беларусі. Звычайна гэта вельмі яркая падзея. Ці плануеце Вы сёлета правесці Дні Швецыі ў Мінску?
Крысціна Юханесан: Дні культуры Швецыі ў Беларусі – гэта заўсёды быў наш найбуйнешы праект. І мы вырашылі, што сёлета не змогуць быць тыя Дні Швецыі, да якіх мы прызвычаіліся: на вуліцы, у цэнтры Менска. Цяпер мы знаходзімся на стадыі ўнутраных размоваў пра тое, што мы можам зрабіць. Можа быць, арганізуем штосьці анлайн. Але Дзень Швецыі, як мы прызвычаіліся яго арганізоўваць (а гэта найбуйнейшы праект з нашымі партнёрамі, з кампаніямі), зрабіць сёлета не атрымаецца. Але нічога. Вернемся да гэтага праз год. І я спадзяюся, што з’явяцца новыя ідэі.
РР: Вельмі шмат супрацьлеглай інфармацыі наконт самой Швецыі. Ці распачатыя там пэўныя захады для барацьбы з пандэміяй? Многія беларусы перакананыя, што ў Швецыі людзі жывуць так, як і жылі раней.
Крысціна Юханесан: Сапраўды вельмі шмат інфармацыі пра тое, як Швецыя пайшла ўласным шляхам. Я хачу сказаць наступнае: агульнага каранціну нашыя ўлады не ўвялі. Але гэта звязана з тым, што нашае заканадаўства выглядае не зусім адпаведным чынам: трэба ўнесці пэўныя змяненні, каб можна было ўвесці каранцін. Але сутнасць у тым, што наш урад засноўвае кожнае рашэнне на заключэннях нашых спецыялістаў. У Швецыі за апошнія месяцы быў уведзены шэраг абмежавальных мер, якія кардынальна змянілі жыццё ўсіх шведаў. Кожны швед у сваім штодзённым жыцці адчувае, што мы жывем і працуем у цалкам новых умовах. Многія школы перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Універсітэты тым болей. Закрытыя цалкам для наведвання ўсе дамы састарэлых і іншыя падобныя ўстановы. Таксама былі закрытыя ўсе гарналыжныя курорты. Толькі што скончыліся велікодныя канікулы. І вельмі папулярным раней было з’ездзіць на поўнач Швецыі на гарналыжныя курорты. Аднак цяпер гэта ўсё было адмененае. Адмененыя ўсе вялікія мерапрыемствы ад 50 чалавек. Рэстараны (тыя, якія яшчэ працуюць) рассаджваюць гасцей на адлегласці. Я б сказала, што жыццё Швецыі вельмі змянілася. І сказаць, што мы не ўвялі ніякіх мераў, – гэта няправільна.
На сваім новым YouTube канале Embassy of Sweden in Minsk Пасольства будзе размяшчаць запісы чытанняў вядомых шведскіх казак пра карову Маму Му і яе сябра Крумкача, Пэтсана і ката Фіндуса, Біла і Болу, Віту Белую Крэску ў перакладзе на беларускую мову. Таксама на YouTube канале плануецца размяшчэнне спектакляў, песняў і кулінарных майстар-класаў.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя