Пасол Сурыкаў: Дзень Расеі – гэта свята для ўсяго расейскага свету



Дзень Расеі, які адзначаецца 12 чэрвеня, з’яўляецца святам не толькі для РФ, але і для ўсяго расейскага свету, заявіў пасол гэтай краіны ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў 9 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Аляксандр Сурыкаў

„Вядома, гэта наша агульнае свята ў Расеі, свята разам з усімі прадстаўнікамі шматмільённага расейскага народа, або расейскага свету нават, які ў такой жа ступені з’яўляецца і беларускім для нас з вамі – людзьмі, якія ўсведамляюць сваю цесную сувязь з расейскай зямлёй, з яе мінулым, сучасным, будучым”, – заявіў дыпламат.

Пры гэтым Сурыкаў адзначыў, што цікавасць да нацыянальнага свята ў Расеі ўзрасла толькі ў апошняе дзесяцігоддзе. Раней жа падзеям 12 чэрвеня 1990 года, калі была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР, „пасля чаго было прынята рашэнне, на жаль, не на карысць захавання СССР”, не надавалі такога значэння.

На думку дыпламата, у 1990-я гады ў Расеі „ўлада была слабай і не мела сур’ёзнай апоры на народ”, а арыенціры свабоднага рынку і дэмакратыі „як бы не зусім супадалі, калі не сказаць горш, з нацыянальнымі інтарэсамі Расеі і традыцыйным укладам жыцця, гістарычнымі і культурнымі каранямі”.

„Усё склалася так, як павінна было скласціся па логіцы рэчаў: поўнае разбурэнне практычна прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадаркі, збядненне насельніцтва поўнае, каласальны рост злачыннасці”, — сказаў Сурыкаў.

Ён упэўнены, што разуменне таго, што расейскім уладам трэба дзейнічаць па-іншаму, прыйшло ў канцы 1990-х гадоў. „Грамадства было ў фатальным стане, ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі. Такая сітуацыя прыкладна складвалася і ў Беларусі, хаця я толькі магу выказаць здагадку”, — заявіў дыпламат.

Мяжой разумення, чым для Расеі з’яўляюцца свабодны рынак і поўная дэмакратыя, стаў дэфолт 1998 года, удакладніў Сурыкаў.

„З пачатку 2000-х гадоў, са зменай улады, я маю на ўвазе выканаўчай, мы яшчэ больш уважліва сталі ставіцца да эканамічнай сітуацыі, захавалі нейкую канкурэнтнасць, пачала ўмацоўвацца дзяржава, паляпшацца стаўленне грамадства да станаўлення дзяржавы, пачалася сур’ёзная барацьба са злачыннасцю”, — працягнуў пасол.

З гэтага моманту, на думку Сурыкава, „Расея стала паволі станавіцца на ногі, умацоўваць сваю моц, здольнасць весці нармальную лінію на знешнепалітычнай арэне, гэта значыць існаваць усё больш і больш як дзяржава з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў”.

„Не ўсім, вядома, мякка кажучы, гэта стала падабацца. Каму ж цікавая яшчэ адна магутнае дзяржава — найбуйнейшая дзяржава Расейская Федэрацыя, ды яшчэ з такім магутным ваенным патэнцыялам, ды яшчэ з магчымасцю стварэння саюзаў з іншымі краінамі?” — задаўся пытаннем пасол.

„Вы бачыце сітуацыю праз дзясятак гадоў: Расея падымаецца — назіраецца ўзмацненне геапалітычнага саперніцтва паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі, краінамі Еўразвяза. Зразумелая рэч. І асноўнай прычынай, вядома, з’яўляецца нарастанне геапалітычнай моцы Расеі і ўплыву яе ў свеце, імкненне стварыць інтэграцыйныя аб’яднанні, якія ўмацоўваюць не толькі яе пазіцыі, змяненне стану ўзброеных сіл, рэфармаванне навукі і адукацыі, прамысловасці — усё гэта ім не вельмі падабаецца, таму што гэта ўмацоўвае дзяржаву Расею”, — заявіў Сурыкаў.

belapan.by