Пасол Ватыкана заклікаў паскорыць вызваленне зняволеных



Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч падчас агульнабеларускіх урачыстасцяў у гонар Маці Божай Бялыніцкай, якія 1718 верасня праходзілі ў Бялынічах (Магілёўская вобласць), вітаў прынятае напярэдадні рашэнне ўладаў вызваліць 13 зняволеных і заклікаў іх паскорыць гэты працэс, паведамляе catholic.by.

Прадстаўнік папы рымскага Францішка ўзначаліў цэлебрацыю галоўнай святой імшы ў другі дзень урачыстасцяў, прымеркаваных да 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі і 30-годдзя аднаўлення ў Беларусі структур каталіцкага касцёла.

„Я таксама ўдзячны ўладам, якія вырашылі ў Дзень народнага адзінства абвясціць амністыю, вызваліўшы 13 чалавек са зняволення. Неабходна паскорыць гэты працэс, каб дазволіць сем’ям з’яднацца і вярнуцца на працу і ў свае святыні. Гэта, без сумневу, пойдзе толькі на карысць працэсу нацыянальнага прымірэння ў краіне дзеля агульнага дабра”, — заявіў ватыканскі дыпламат.

У паведамленні адзначаецца, што заклік апостальскага нунцыя ідзе ў рэчышчы словаў папы Францішка, прамоўленых ім падчас малітвы „Анёл Панскі” 18 жніўня 2020 года, на пачатку грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі: „Мае думкі кірую да дарагой Беларусі. З вялікай увагай сачу за сітуацыяй, якая склалася пасля выбараў у гэтай краіне. Заклікаю да дыялогу, спынення гвалту, паважання справядлівасці і права. Давяраю ўсіх беларусаў апецы Багародзіцы, Каралевы супакою”.

У спісе палітзняволеных, які складаюць праваабаронцы, застаецца 675 прозвішчаў. Частка арыштаваных удзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ня маюць такога статусу.

БелаПАН