Пасол Вялікабрытаніі: Брэксіт не паўплывае на адносіны Лондана і Менска
„Я не бачу ніякіх прычын для таго, што Брэксіт неяк паўплывае на нашы адносіны з Беларуссю. Сам Брэксіт або яго вынік”, — заявіла пасол Вялікабрытаніі ў Менску Фіёна Гіб у інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1”, паказаным увечары 18 чэрвеня.
„Мне прыемна адзначыць, што нашы адносіны развіваюцца ў станоўчым напрамку, у тым ліку дзякуючы адмене большай частцы санкцый у дачыненні да Беларусі”, — падкрэсліла дыпламат.
Яна заявіла, што Беларусь — „краіна магчымасцяў”. „Беларусь, як і Вялікабрытанія, — гэта частка Еўропы. Хаця Вялікабрытанія і пакідае ЕЗ, але яна застаецца ў Еўропе. Нашы адносіны з Беларуссю будуць толькі развівацца”, — упэўненая Гіб.
Развіцця Вялікабрытаніяй адносін з краінай, „якая знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы”, яна жадае „ва ўсіх сферах”.