Пасол Вялікабрытаніі пакінула Беларусь
Пасол Вялікабрытаніі Жаклін Перкінс пакінула Беларусь, паведамілі БелаПАН у дыпмісіі.
„Пасол паехала ў гэтую нядзелю (11 кастрычніка. — БелаПАН.), — сказалі ў пасольстве. — Калі яна вернецца, пакуль невядома. Але дакладна не раней, чым праз два тыдні”.
Пра тое, што Вялікабрытанія адклікае свайго пасла з Менска для кансультацый, стала вядома 9 кастрычніка.
„Вялікабрытанія асуджае рашэнне Беларусі выслаць польскіх і літоўскіх дыпламатаў, — гаварылася ў паведамленні ў „Твітэры” пасольства Злучанага Каралеўства. — Яно зусім неабгрунтаванае і толькі ізалюе беларускі народ. У знак салідарнасці мы часова адклікаем нашага пасла для кансультацый і абмеркавання сітуацыі ў краіне”.
Пасля ўвядзення Еўрасаюзам 2 кастрычніка санкцый у дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб афіцыйны Менск адклікаў сваіх паслоў у Вільні і Варшаве „для кансультацый” і запатрабаваў ад Літвы і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у іх пасольствах.
5 кастрычніка з Менска былі вымушана адкліканыя паслы Літвы і Польшчы. Затым у знак салідарнасці з калегамі Беларусь пакінуў пасол Германіі, таксама былі адкліканыя паслы Латвіі, Эстоніі, Балгарыі, Чэхіі. Адкліканне пасла плануе і Славакія. 9 кастрычніка з Беларусі быў адкліканы пасол Румыніі.
belapan.by