Пасол Вялікабрытаніі: Новыя магчымасці для развіцця адносін з Беларуссю



Адносіны паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю развіваюцца пазітыўна, і цяпер з’явіліся дадатковыя магчымасці для іх развіцця, лічыць новы пасол Вялікабрытаніі Жаклін Перкінс, якая прыбыла ў Менск 28 жніўня.

«Пасля адмены санкцый ЕЗ [у дачыненні да Беларусі] у 2016 годзе ў нас зʼявіліся магчымасці для развіцця двухбаковых адносін з Беларуссю, – сказала пасол у інтэрвʼю БелаПАН. – Мы змаглі арганізаваць двухбаковыя візіты на палітычным, парламенцкім і гандлёвым узроўні. Напрыклад, намеснік міністра замежных спраў сэр Алан Дункан, думаю, стаў першым брытанскім міністрам за апошнія 20 ці нават 25 гадоў, які наведаў Беларусь. Прынц Майкл Кенцкі таксама прыязджаў сюды. Я сустракалася з ім перад адʼездам у Менск, ён вельмі хоча зноў наведаць Беларусь. Спадзяюся, што за час маёй працы тут у нас атрымаецца арганізаваць яго візіт».

Перкінс адзначыла, што Беларусь і Вялікабрытанія дамовіліся пачаць гандлёвы дыялог, у межах якога плануецца абмяркоўваць меры па актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Я хачу ўсяляк гэтаму садзейнічаць. Да канца года плануецца правесці гэтую сустрэчу. Не ведаю пакуль дакладнай даты», – сказала дыпламат.

Паводле яе слоў, найбліжэйшымі месяцамі візіты брытанскіх чыноўнікаў у Менск не чакаюцца. «У Лондане цяпер вельмі напружаны час, шмат працы з-за Брэксіту. Палітыкі і чыноўнікі занятыя гэтым пытаннем, у іх няма часу наведваць іншыя краіны. Але спадзяюся, што ў наступным годзе ў нас адбудуцца візіты», – дадала Перкінс.

Яна падкрэсліла, што ёсць магчымасці для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва з улікам членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. «Калі членства ў ЕАЭС дасць брытанскім кампаніям магчымасць выкарыстоўваць Беларусь як пляцоўку для ўваходу на гэты рынак, гэта будзе для іх цікава. І мы падтрымаем такое супрацоўніцтва», – сказала Перкінс.

Дыпламат таксама адзначыла, што пасля выхаду з ЕЗ Вялікабрытанія мае намер працаваць над узмацненнем супрацоўніцтва з іншымі краінамі. «Вядома, пасля Брэксіту мы хочам развіваць супрацоўніцтва з ЕЗ, захаваць добрыя адносіны з Бруселем, але адначасова ў нас зʼявіцца больш магчымасцяў для развіцця адносін паміж Вялікабрытаніяй і іншымі краінамі, у тым ліку з Беларуссю. Як брытанскі пасол у гэтай краіне, я спадзяюся, што двухбаковыя адносіны пасля Брэксіту палепшацца. Я буду шмат працаваць, каб дасягнуць гэтай мэты», – запэўніла Жаклін Перкінс.

Аб станоўчым уплыве Брэксіту на беларуска-брытанскія адносіны казаў і Аляксандр Лукашэнка. Прымаючы ў жніўні пасла Вялікабрытаніі Фіёну Гіб з нагоды завяршэння яе дыпламатычных паўнамоцтваў, ён заклікаў яе актывізаваць двухбаковае супрацоўніцтва. «Цяпер зʼявілася такая магчымасць – знікла брусельская гэтая бюракратыя. Вы можаце прымаць рашэнні больш свабодна», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Поўны тэкст інтэрвʼю з Жаклін Перкінс публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН